Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да маладых святароў: спавядайце з велікадушнасцю

“Служэннем міласэрнасці” назваў Францішак місію святара ў канфесіянале. 29 сакавіка 2019 г. ён сустрэўся з маладым духавенствам, удзельнікамі курсу, арганізаванага Апостальскай Пэнітэнцыярыяй.

Папа падкрэсліў, што сустрэча з вернікамі, якія просяць у Бога прабачэння, заўсёды з’яўляецца сапраўднай “сустрэчай збаўлення”, у якой Пан з усёй сваёй сілай змяняе, пераўтварае, вылечвае і прабачае чалавека.

Святы Айцец заўважыў, што ў сучаснага чалавека “пачуццё граху, знаходзіцца ў крызісе”. У такой сітуацыі важнае заданне стаіць перад маладымі святарамі: з “зброяй веры” супрацоўнічаць з пэнітэнтамі, прапаноўваючы ім кваліфікаваную дапамогу і дэманструючы прыгажосць Боскай міласэрнасці.

Папа нагадаў, што сакрамэнт паяднання з’яўляецца “рэальным шляхам да святасці”, эфектыўнай прыкметай таго, што Езус даверыў Касцёлу заданне, трымаць пастаянна адчыненымі дзверы ў доме Айца, каб вяртанне чалавека туды заўсёды было магчымым. Прычым, споведзь – гэта шляху да святасці як для пэнітэнта, так і для святара.

Францішак пажадаў маладым святарам “слухаць споведзь вернікаў з велікадушнасцю”, ісці з імі разам шляхам святасці, сузіраць “цуды” навяртання, якія ласка здзяйсняе ў таямніцы канфесіяналу. Святар, заўважыў Папа, становіцца святым праз пакорлівае і дакладнае ажыццяўленне служэння паяднання.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 сакавіка 2019, 12:05