Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак заклікае свет да экалагічнага навяртання

Каб быць плённай, дыскусія адносна развіцця павінна прапаноўваць ажыццявімыя мадэлі сацыяльнай інтэграцыі і экалагічнага навяртання, перакананы Святы Айцец

Па словах Францішка, немагчыма развівацца, распальваючы няроўнасць і заняпад навакольнага асяроддзя. Пра гэта ён казаў 8 сакавіка 2019 г., падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі на тэму “Рэлігіі і мэты ўстойлівага развіцця – пачуць крык зямлі і бедных”. Форум праходзіць у Ватыкане 7-9 сакавіка 2019 г.

Францішак выказаў надзею, што падчас скліканай Святым Пасадам канферэнцыі будуць знойдзены канкрэтныя адказы: канкрэтная эканамічная палітыка, якая б спрыяла большай гуманнасці рынку і грамадства; канкрэтныя этычныя, грамадзянскія і палітычныя намаганні, якія б дазвалялі развівацца разам з зямлёй, а не насуперак ёй.

Папа ўхваліў удзел у канферэнцыі прадстаўнікоў – экспертаў і навукоўцаў – з розных сфер дзейнасці, а таксама духавенства, заданнем, якога, на думку Францішка, павінна стаць адкрыццё скарбаў найлепшых традыцый, якія б спрыялі паважліваму і шчыраму дыялогу адносна будучыні планеты.

Святы Айцец нагадаў пра высілкі ААН у гэтым накірунку і падтрымаў усебаковы характар распрацаванай яе экспертамі Павесткі дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г., якая выпрацавана з улікам пяці вымярэнняў: чалавека, планеты, дабрабыту, міру і супрацоўніцтва. Усё ў свеце ўзаемазвязана, і наш клопат пра стасункі з навакольным асяроддзем неаддзельны ад падтрымання ў свеце братэрства, справядлівасці, вернасці ў адносінах да іншых, заўважыў Папа.

З такой цеснай узаемазалежнасці вынікае і абавязак клапаціцца і абараняць правы карэнных народаў. “Хоць яны і складаюць усяго толькі 5% насельніцтва планеты, аднак клапоцяцца амаль пра 22% зямной паверхні, (…) дапамагаюць ахоўваць каля 80% біяразнастайнасці планеты. (…) У моцна секулярызаваным свеце гэтыя народы нагадваюць усім пра святасць нашай зямлі”, - сказаў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 сакавіка 2019, 14:10