Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак: Вялікі пост – гэта “будзільнік для душы”

Вялікі пост – гэта час зразумення, што мы пакліканы да свабоды, а не няволі ад рэчаў гэтага свету, падкрэсліў Папа 6 сакавіка 2019 г. у рымскай базыліцы св. Сабіны, падчас Эўхарыстыі ў Паляльцовую сераду.

Пантыфік заўважыў, што ў велікапосны час, які ён параўнаў з “будзільнікам для душы”, важна затрымацца, спыніць звычайную спешку жыцця, звярнуцца да істотнага і нагадаць сабе пра мэту. “Звярніцеся да Мяне, кажа Пан. Да Мяне. Гэта Пан з’яўляецца мэтай нашага падарожжа ў свеце. Кірунак павінен весці да Яго”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, абрад пасыпання галавы попелам дапамагае не забыцца аб тым, “што носім у сваёй галаве”. Нашы думкі часта імкнуцца да марнага, але жменька попелу, “далікатна і па-сапраўднаму” нагадвае, што ад многага з таго, за чым штодня гонімся, “не застанецца нічога”.

“Пануючая сёння, культура знешняга, якая падштурхоўвае жыць часовымі рэчамі, з’яўляецца вялікім падманам. Гэта нібыта полымя: калі згарае, застаецца толькі попел. Вялікі пост – гэта час для вызвалення ад ілюзіі жыцця ў пагоні за попелам”, - сцвердзіў Пантыфік.

“[Вялікі пост заключаецца ў тым, каб зноў адкрыць, што мы прызначаны быць заўсёды палаючым агнём, а не попелам, які адразу гасне; што прызначаны для Бога, а не для свету; для вечнасці неба, а не зямнога падману; для свабоды дзяцей, а не няволі ад рэчаў]”

, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што малітва, міласціна і пост, якімі трэба жыць “без крывадушнасці”, вядуць да па-сапраўднаму вечнага. “Малітва нас зноў звязвае з Богам, міласэрная любоў – з бліжнім, а пост – з самімі сабой. Бог, браты, маё жыццё – гэта тры каштоўнасці, якія не знікаюць у пустаце, у якія трэба інвеставаць. Вось куды Вялікі пост заклікае нас скіраваць погляд: да Вышыняў праз малітву, якая вызваляе ад гарызантальнага, раўніннага жыцця, дзе знаходзім час для сябе, але забываемся пра Бога. Затым – да бліжняга праз міласэрнасць, што вызваляе ад марнасці валодання, ад думкі пра тое, што справы ідуць добра, калі добра мне.

“[Нарэшце, ён заклікае зазірнуць глыбока ў сябе праз пост, які вызваляе ад прывязанасці да рэчаў, ад духа гэтага свету, што робіць сэрца неадчувальным. Малітва, міласэрнасць, пост – тры інвестыцыі ў скарб, які застанецца]”

, - падкрэсліў Францішак.

Паводле Папы, сэрца чалавека заўсёды хоча да чагосьці прывязацца. Калі гэта будуць зямныя рэчы, то раней ці пазней ён стане іх нявольнікам. Вялікі пост, гэта час для вызвалення ад такіх залежнасцей.

“На чым жа сканцэнтраваць свой позірк падчас велікапоснага шляху? Гэта проста: на Укрыжаваным. Езус на крыжы – гэта жыццёвы компас, які скіроўвае нас да неба. Убогасць дрэва, маўчанне Пана, Яго пазбаўленне ад усяго дзеля любові ўказваюць нам на патрэбу ў больш простым жыцці, свабодным ад празмернай пагоні за рэчамі. Езус з крыжа вучыць нас моцнай адвазе адрачэння, бо моцна абцяжараныя мы не зможам выйсці ў шлях”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з рымскай базылікі св. Сабіны
07 сакавіка 2019, 12:02