Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак унёс папраўкі ў Кодэкс кананічнага права

Сваім Апостальскім пасланнем Communis vita, якое выйшла ў форме motu proprio, Францішак унёс некаторыя папраўкі ў Кодэкс кананічнага права. Яны ўступяць у сілу з 10 красавіка 2019 г.

Гаворка ідзе аб выпадках, калі члены манаскай супольнасці працяглы час адсутнічаюць без дазволу настаяцеля. Згодна з Канонам 665, кансэкраваныя асобы абавязаны пражываць у сваёй супольнасці і весці сумеснае жыццё. Калі нехта пакідае супольнасць без дазволу, настаяцель павінен зрабіць усё магчымае, каб адшукаць яго і дапамагчы вярнуцца.

Папа не адмяняе прадпісанняў узгаданага Канона, аднак разглядае такую сітуацыю, калі настаяцелю не ўдаецца знайсці законніка, падпарадкаванага яму. Згодна з дзеючымі нормамі, пасля шасці месяцаў незаконнай адсутнасці магчыма пачаць працэс звальнення з манаскага інстытута. Аднак, у гэтай сітуацыі ўзнікаюць прававыя складанасці, калі месцазнаходжанне асобы невядома.

Каб дапамагчы манаскім кангрэгацыям у выкананні дысцыпліны, Святы Айцец дадаў у Канон 694 аб выдаленні законнікаў параграф – звальненне ipso facto, якім з’яўляюцца адрачэнне ад каталіцкай веры або спроба ўступіць у шлюб, а таксама незаконная бесперапынная адсутнасць, якая працягваецца па меншай меры 12 месяцаў, у тым выпадку, калі месцазнаходжанне члена інстытута невядома.

Старэйшы настаяцель пасля няўдалых спроб адшукаць адсутнага павінен заявіць пра тое, што яго месцазнаходжанне невядома, і атрымаць пацвярджэнне ад Святога Пасада, калі гаворка ідзе пра кангрэгацыю папскага права, або ад біскупа, калі гаворка ідзе пра дыяцэзіяльны інстытут.

Зробленыя папраўкі запатрабавалі таксама невялікай мадыфікацыі Канону 729, што тычыцца свецкіх інстытутаў, паколькі да іх правілы звальнення па прычыне незаконнай адсутнасці не ўжываюцца.

Як патлумачыў арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, папраўкі ўнесены пасля неаднаразовых зваротаў манаскіх настаяцеляў, паколькі ўсё часцей узнікаюць сітуацыі, калі асоба, фактычна застаючыся членам інстытута, стварае сітуацыі, несумяшчальныя з манаскім жыццём.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 сакавіка 2019, 12:57