Пошук

Vatican News
Папа падчас візіту ў штаб-кватэру ФАО Папа падчас візіту ў штаб-кватэру ФАО 

Папа ў ФАО: змагацца з голадам, не перакладаючы адказнасць на іншых

Нягледзячы на вялікія дасягненні чалавецтва ў навуцы, мільёны людзей працягваюць пакутаваць ад голаду, нагадаў Папа падчас візіту ў штаб-кватэру Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО).

14 лютага 2019 г. Святы Айцец прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця 42-й сесіі Рады кіраўнікоў Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця.

Францішак заўважыў, што ў наш час вялікая колькасць людзей пакутуе ад забруджвання паветра, спусташэння прыродных рэсурсаў, атручвання вадаёмаў, акіслення глебы, недахопу вады, неякаснай медыцынскай інфраструктуры, непрыдатных жыллёвых умоў. На думку Папы, чалавецтва зможа перамагчы гэтыя выклікі, калі паставіцца да гэтага задання сур’ёзна.

“Голад не мае ні сучаснасці і будучыні. Толькі мінулае” – гэтыя словы трэба ўспрымаць не ў якасці слогану, але па-сапраўднаму, падкрэсліў Святы Айцец.

“[Нельга ўхіляцца ад адказнасці, перакладаючы яе адно на аднаго, але трэба прымаць яе, каб прапановаўць канкрэтныя і рэальныя рашэнні]”

, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што Апостальская Сталіца заўсёды падтрымлівала міжнародныя ініцыятывы, накіраваныя на барацьбу з галечай і спрыянне інтэгральнаму развіццю самых збяднелых частак планеты, у тым ліку ініцыятывы, якія ажыцяўляюцца пад эгідай Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця.

Рэпартаж аб візіце Папы ў штаб-кватэру ФАО

Спасылаючыся на Мэты развіцця, якіх міжнародная супольнасць плануе дасягнуць да 2030 г., Святы Айцец заўважыў, што першыя з іх тычацца выкараннення беднасці, барацьбы з голадам і забеспячэння харчовай самастойнасці.

“Дасягненне ніводнай з гэтых мэтаў не будзе магчымым без сельскагаспадарчага развіцця – развіцця, пра якое даўно вядуцца размовы, але якое не канкрэтызавалася дагэтуль. Парадаксальна, што значная частка з больш чым 820 млн. людзей, якія пакутуюць ад голаду і недаядання ў свеце, пражывае ў сельскай мясцовасці, задзейнічана ў вытворчасці прадуктаў харчавання і складаецца з сялян”, - сказаў Францішак.

Для вырашэння праблем, паводле Папы, неабходна “з’яднасць намаганні, знайсці згоду, умацаваць сувязі”.

“[Актуальныя выклікі з’яўляюцца настолькі звязанымі паміж сабой і складанымі, што мы не можам працягваць адказваць на іх аказіянальна, з дапамогай надзвычайных рашэнняў]”

, - дадаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, неабходна ствараць ўмовы, каб людзі, якія пакутуюць ад нястачы, маглі самі станавіцца адказнымі за свой лёс і змяняць сітуацыю. Таму нельга разглядаць іх толькі як пасіўных адрасатаў дапамогі, бо гэта можа прывесці да ўзнікнення залежнасці, перакананы ён.

“Неабходна ставіць на інавацыі, прадпрымальніцкія здольнасці, самастойнасць мясцовых дзеячаў і эфектыўнасць вытворчых працэсаў, каб дасягнуць сельскагаспадарчых перамен з мэтай выкаранення недаядання і развіцця сельскагаспадарчай сферы ўстойлівым чынам. У гэтым кантэксце неабходна спрыяць “навуцы з сумленнем” і па-сапраўднаму ставіць тэхналогіі на службу бедным. Акрамя таго, новыя тэхналогіі не павінны супрацьпастаўляцца лакальным культурам і традыцыйным ведам, але інтэграваць іх і дзейнічаць сумесна з імі”, - перакананы Папа.

Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця з'яўляецца ўстановай ААН, якая займаецца мабілізацыяй фінансавых рэсурсаў у мэтах павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання і паляпшэння сітуацыі з харчаваннем бедных груп насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2019, 10:43