Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак   (ANSA)

Папа: Божы народ чакае канкрэтных мер супраць злоўжыванняў

Божы народ чакае не простага і відавочнага асуджэння сексуальных злоўжыванняў, але канкрэтных і эфектыўных мер супраць гэтай з’явы, падкрэсліў Францішак.

У Ватыкане адкрылася сустрэча пад назвай: “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, у якой прымае ўдзел каля 200 пастыраў, больш за палова якіх – старшыні епіскапатаў з усяго свету. Раніцай 21 лютага 2019 г. яны сабраліся ў Новай сінадальнай зале, дзе, пасля супольнай малітвы, да іх звярнуўся Святы Айцец.

Францішак заклікаў іерархаў і настаяцелей манаскіх супольнасцей, перад абліччам “раны сексуальных злоўжыванняў, здзейсненых людзьмі Касцёла супраць непаўналетніх”, пачуць Святога Духа і, застаючыся паслухмянымі Яго кіраўніцтву, “пачуць крык малых, якія патрабуюць справядлівасці”.

“На нашай сустрэчы ляжыць цяжар душпастырскай і касцёльнай адказнасці, якая абавязвае нас дыскутаваць супольна, сінадальным, шчырым і глыбокім чынам, каб знайсці адказ на тое зло, якое мучыць Касцёл і чалавецтва. Святы Божы народ глядзіць на нас і чакае ад нас не простага і відавочнага асуджэння, але канкрэтных і эфектыўных мер, якія трэба прыняць. Існуе неабходнасць у канкрэтнасці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Рэпартаж з Новай сінадальнай залы

Папа заклікаў іерархаў узброіцца “верай і духам поўнай парэсіі, адвагай і канкрэтнасцю”. Ён заахвоціў карыстацца крытэрыямі, якія былі сфармуляваны раней, але і праяўляць крэатыўнасць у пошуку адказаў на праблему.

“Прашу Святога Духа, падтрымліваць нас у гэтыя дні і дапамагаць перамяніць гэта зло ў нагоду для ўсведамлення і ачышчэння. Няхай Панна Марыя асвеціць нас у імкненні залячыць цяжкія раны, выкліканыя скандалам педафіліі, як у малых, так і ў вернікаў”, - завяршыў сваю прамову Папа.

Пасля звароту Францішка, удзельнікі ватыканскай сустрэчы пазнаёміліся з відэа-сведчаннем адной з ахвяр, а затым пачулі два даклады: філіпінскага кардынала Луіса Антоніа Тагле: “Пах авечак. Веданне іх болю і гаенне іх ран ляжыць у аснове пастырскай задачы”, і мальтыйскага арцыбіскупа Чарльза Шыклуны: “Касцёл, як палявы шпіталь. Браць адказнасць на сябе”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лютага 2019, 11:08