Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: абарона непаўналетніх – шлях ачышчэння Касцёла

Касцёл пакліканы змагацца з заганай сексуальных злоўжыванняў, якая закранае саму сутнасць яго місіі – абвяшчаць Евангелле малым і абараняць іх ад “пражэрлівых ваўкоў”.

У заключнай прамове, скіраванай да ўдзельнікаў саміту па абароне непаўналетніх 24 лютага 2019 г., на заканчэнне св. Імшы, Святы Айцец падкрэсліў “паўсюдны і спрадвечны” характар ганебнага феномена сексуальнага насілля і пералічыў асноўныя вымярэнні, у якіх Касцёл будзе ажыццяўляць сваю заканадаўчую дзейнасць, каб эфектыўна супрацьстаяць злоўжыванням у духоўным асяроддзі.

“[Паўсюднасць гэтай раны, хоць і пацвярджае сваю цяжкасць у нашым грамадстве, не паслабляе, аднак, сваёй жудаснасці ўнутры Касцёла. Бесчалавечнасць феномена на сусветным узроўні становіцца яшчэ больш глыбокай і абуральнай у Касцёле, таму што кантрастуе з яго маральнай аўтарытэтнасцю і этычнай пэўнасцю]”

, - адзначыў Францішак.

Па яго словах, духоўная асоба, якая дазваляе сабе трапіць у палон сваёй слабай чалавечай натуры або хваробы, становіцца “прыладай д’ябла”. Папа рашуча сцвердзіў, што кожны выяўлены ў Касцёле выпадак сексуальнага злоўжывання “будзе разглядацца з максімальнай сур’ёзнасцю”. “У апраўданай раз’юшанасці людзей Касцёл бачыць адбітак гневу самога Бога, Якому здрадзілі і Якога зняважылі гэтыя няверныя кансэкраваныя асобы”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што сексуальныя злоўжыванні – гэта “заўсёды вынік злоўжывання ўладай” і што “перад абліччам такой вялікай колькасці ідалапаклонніцкага прынясення дзяцей у ахвяру бажкам улады, грошай, пыхі і высакамернасці недастаткова эмпірычных тлумачэнняў”; неабходна адшукаць сэнс гэтых злачынстваў.

Задача Касцёла будзе заключацца ў тым, каб слухаць, ахоўваць, абараняць і клапаціцца пра непаўналетніх, якія сталі ахвярамі гвалту, былі выкарыстаныя і забытыя.

“[Каб дасягнуць гэтай мэты, Касцёл павінен узняцца вышэй за ўсе ідэалагічныя палемікі і хітрасці журналістаў, якія часта выкарыстоўваюць драму гэтых дзяцей у сваіх карыслівых мэтах]”

, - заўважыў Францішак.

На думку Святога Айца, надышоў час, каб даць Касцёлу аднастайныя дырэктывы, пазбягаючы дзвюх недапушчальных крайнасцей – схільнасці да самаапраўдання, да якога можа штурхаць пачуццё віны за памылкі мінулага, і самаабароны, няздольнай паглядзець на прычыны і наступствы гэтых цяжкіх злачынстваў.

Падсумоўваючы свае разважанні, Францішак зрабіў канкрэтны пералік вымярэнняў, у якіх будзе ажыццяўляцца заканадаўчая дзейнасць Касцёла. Абарона дзяцей ад любой формы псіхалагічнага або фізічнага насілля будзе першаснай мэтай любой меры. Для гэтага, перакананы Папа, неабходныя змены ў менталітэце і адыход ад абаронча-нападніцкай пазіцыі. Перад нашымі вачыма павінны быць абліччы нявінных ахвяр, а ў нашай памяці – словы Хрыста: “гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса!” (Мц 18, 7), перакананы Пантыфік. Кожны выпадак сексуальнага гвалту ў Касцёле будзе разглядацца з “бездакорнай сур’ёзнасцю”.

“[Касцёл ніколі не будзе імкнуцца замаўчаць або недаацаніць такі выпадак]”

, - запэўніў Францішак.

Намаганні Касцёла будуць скіроўвацца на сапраўднае ачышчэнне, ідучы за абноўленым імкненнем да святасці сваіх пастыраў і за пошукам шляхоў абароны дзяцей і вяртання да нармальнага жыцця нявінных ахвяр сексуальнага гвалту, паляпшэння падрыхтоўкі будучых святароў, трансфармацыі здзейсненых памылак у магчымасць залячыць гэтую рану на целе не толькі Касцёла, але і ўсяго грамадства.

Для гэтага, па словах Папы, трэба “вучыцца абвінавачваць саміх сябе”, бо спробы абвінаваціць іншых толькі аддзяляюць ад рэчаіснасці.

У дачыненні да адбору кандыдатаў да святарства і іх далейшай падрыхтоўкі варта зыходзіць не толькі з негатыўных крытэрыяў, накіраваных на адсейванне непрыдатных асоб, але і са станоўчых, якія б прапанавалі адпаведным кандыдатам шлях ураўнаважанай падрыхтоўкі, скіраваны да святасці і цноты.

На біскупскія канферэнцыі ўскладаецца заданне ўзгадніць і ўзмацніць нарматыўныя правілы, у адпаведнасці з якімі разглядаецца кожны асобны выпадак злоўжывання, а таксама распрацаваць новую эфектыўную сістэму прэвентыўных мер ва ўсіх установах і асяродках рэлігійнай дзейнасці.

Рэпартаж з ватыканскай Саля-Рэджыя

Касцёл павінен узяць на сябе абавязак духоўнага суправаджэння непаўналетніх ахвяр сексуальнага насілля. У той жа час ён павінен браць пад увагу новыя выклікі, якія сёння спараджае інтэрнэт, і сачыць за тым, каб падлеткі і моладзь, а таксама семінарысты і духавенства не станавіліся нявольнікамі віртуальных форм сексуальнага злоўжывання.

Папа заклікаў дзяржаўныя ўлады мець у якасці прыярытэтнай задачу супрацьстаяння гандлю і любой іншай форме эканамічнага злоўжывання дзецьмі і падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў выпрацоўцы юрыдычнай сістэмы, якая б абараняла дзяцей ад сексуальнага турызму і іншых форм гандлю людзьмі.

На завяршэнне прамовы, Францішак выказаў шчырую падзяку ўсім святарам і кансэкраваным асобам, якія верна і аддана служаць Богу, аднак вымушаны адчуваць сорам з-за паводзін асобных сабратоў.

“Усе мы – Касцёл, кансэкраваныя асобы, народ Божы і нават сам Бог – нясём на сабе наступствы іх нявернасці”, - адзначыў са скрухай Святы Айцец і заклікаў усіх узняцца на барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі, паўтараючы, што вельмі важна здолець перамяніць гэтае зло ў магчымасць ачышчэння, асабістага і калектыўнага навяртання.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лютага 2019, 11:33