Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Святы Айцец: любоў дае паўнату ўсяму

Любоў дае паўнату ўсяму, падкрэсліў Папа падчас першых Нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, якія прайшлі вечарам 31 снежня 2016 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Цэлебрацыя стала падзякай Богу на мінулы год. Па традыцыі на яе заканчэнне адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і быў праспяваны гімн “Te Deum”. Затым Пантыфік наведаў цэнтр для бедных і яслі на плошчы св. Пятра.

У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што ў апошнія гадзіны году “мы адчуваем патрэбу ў чымсьці, што напоўніла б час значэннем”. Лепш сказаць “кімсьці”, якім з’яўляецца Езус Хрыстус, удакладніў ён.

Езус вызваліў “беспрэцэндэнтную сілу, якая працягвае трываць і будзе трываць на працягу ўсёй гісторыі”. І гэта сіла называецца Любоўю. Гэта любоў дае паўнату ўсяму, нават часу; а Езус з’яўляецца “канцэнтрацыяй” усёй Божай любові ў чалавечай істоце, сцвердзіў Францішак.

Папа звярнуў увагу на існаванне вялікай колькасці людзей, што патрабуе гэтай любові. У першую чаргу тых, хто жыве ва ўмовах, нягодных чалавека. Спасылаючыся на сітуацыю ў Рыме, ён з горыччу заўважыў, што тут налічваецца каля 10 тыс. бяздомных.

“Зімой іх сітуацыя асабліва цяжкая. Яны ўсе з’яўляюцца сынамі і дочкамі Бога, але розныя формы няволі, часам вельмі складаныя, прывялі да таго, што яны вымушаны жыць на мяжы чалавечай годнасці. Таксама і Езус нарадзіўся ў падобнай сітуацыі, але не выпадкова, не праз выпадак: Ён пажадаў нарадзіцца так, каб прадэманстраваць Божую любоў да малых і бедных, і такім чынам кінуць у свет зерне Божага Валадарства, Валадарства справядлівасці, любові і міра, дзе ніхто не будзе рабом, а ўсе будуць братамі, дзецьмі адзінага Айца”, - сказаў Пантыфік.

Рэпартаж з ватыканскай базылікі
Навіна ў фармаце аўдыё
01 студзеня 2019, 10:40