Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: ісці за сапраўдным святлом, якое вядзе да Бога

Ісці за сапраўдным святлом, якое вядзе да Бога, нястомна заклікае Папа з нагоды Аб’яўлення Пана – ўрачыстасці, якая адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 6 студзеня.

У гэты дзень узгадваецца прыйсце трох мудрацоў з усходу да ясляў, у якіх нарадзіўся Езус. Іх шлях сімвалізуе лёс кожнага чалавека: для нас жыць – гэта крочыць, будучы асветленымі святлом, якое робіць яснай дарогу да паўнаты праўды і любові, якую мы, хрысціяне, распазнаем у Хрысце, Святле свету, падкрэсліваў Папа падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў 2014 г.

Спасылаючыся на досвед трох мудрацоў, якія ішлі за святлом бэтлеемскай зоркі, Пантыфік заўважаў, што таксама і сучасныя хрысціяне маюць перад сабой зорку – Евангелле, якое неабходна чытаць і абдумваць, каб сустракацца з Езусам і Яго любоўю. “Будзем вучыцца не задавальняцца пасрэдным жыццём”, але “дазволім прывабіць нас таму, што з’яўляецца добрым, сапраўдным, прыгожым ... Богам”, - заклікаў Святы Айцец.

У 2015 г. Францішак звяртаў увагу на тое, што перад абліччам малога Дзіцятка, што знаходзілася ў яслях, Святы Дух дапамог мудрацам усвядоміць важную рэч: крытэрыі Бога вельмі адрозніваюцца ад чалавечых, Бог не аб’яўляецца ў моцы гэтага свету, але звяртаецца да нас ў пакоры сваёй любові.

Мудрацы прыйшлі да бэтлеемскіх ясляў і менавіта там ўбачылі сапраўдную мудрасць, схаваную ў абліччы Дзіцятка Езуса. “Менавіта тут, у прастаце Бэтлеема, Касцёл знаходзіць абагульненне свайго жыцця”, - казаў Францішак годам пазней. Паводле яго слоў, “хто шукае Бога, ідзе на перыферыі, як жабрак, каб сустрэць Яго”.

У мінулым годзе Папа заклікаў вернікаў таксама наследаваць прыклад трох мудрацоў, захоўваючы святую тугу на Богу, якая падштурхоўвае заўсёды крочыць далей. “Туга да Богу – гэта пастава, якая разбурае нудны канфармізм і падштурхоўвае нас да намаганняў на карысць тых пераменаў, па якіх сумуем і якіх патрабуем”, - казаў ён.

Нарэшце некалькі дзён таму, падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, Францішак заклікаў вернікаў як біблійныя мудрацы, узняць позірк да неба, бо толькі так мы здолеем убачыць зорку, якая заклікае нас прайсці шляхам дабра.
 

05 студзеня 2019, 15:40