Пошук

Vatican News
Лагатып сустрэчы маладых прадстаўнікоў карэнных народаў Лагатып сустрэчы маладых прадстаўнікоў карэнных народаў 

Святы Айцец заклікаў моладзь не пакідаць традыцыі продкаў

“Заклікаю вас, жыць верай у Хрыста, асноўваючыся на вялікім багацці вашай роднай культуры”, - звярнуўся Францішак да маладых прадстаўнікоў карэнных народаў Паўднёвай Амерыкі.

Юнакі і дзяўчаты сабраліся перад пачаткам Сусветных дзён моладзі на адмысловай сустрэчы ў панамскім Солой. “Клапаціцеся пра карані!”, - заклікаў Папа ў сваім відэа-пасланні.

Пантыфік выказаў пажаданне, каб тэмы, якія ўздымаюцца на форуме, мабілізавалі да пошуку адказаў на балючыя праявы сучаснасці: маргіналізацыю, ізаляцыю і збядненне, на што асуджаны мільёны маладых людзей, у тым ліку прадстаўнікі карэнных народаў.

“Няхай ваша дзейнасць і ўсведамленне прыналежнасці да сваіх народаў стануць адказам на гэтую культуру ізаляцыі і адмовы ад каранёў, якая фарміруе свядомасць усё больш і больш размытую і мімалётную”, - сказаў Папа. Ён заклікаў моладзь да творчага ўдзелу ў захаванні і развіцці ўласных традыцыі і культуры.

“Хлопцы і дзяўчаты, клапаціцеся пра вашу культуру, турбуйцеся аб сваіх каранях! - заклікаў Папа. - Але не спыняйцеся на гэтым: асноўваючыся на іх, расціце, квітнейце і прыносьце плады”.

Папа запэўніў, што ён вельмі рады сустрэцца з удзельнікамі Сусветных дзён моладзі, якія хутка будуць праходзіць у Панаме. Ён пажадаў прадстаўнікам карэнных народаў усяго найлепшага і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 студзеня 2019, 12:56