Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа паляцеў у Панаму. Пункт прызначэння – Сусветныя дні моладзі

23 студзеня 2019 г. Францішак адправіўся ў Панаму. Пункт прызначэння – Сусветныя дні моладзі. Там яго чакаюць каля 200 тыс. маладых людзей з 155 краін, у тым ліку дэлегацыя з Беларусі ў складзе 27 чалавек.

“Папскі” самалёт за 12 гадзін і 55 хвілін пераадолее шлях у 9500 км і праляціць над Італіяй, Францыяй, Іспаніяй, Партугаліяй, Азорскімі астравамі, ЗША, Пуэрта-Рыка, Дамініканскай Рэспублікай, Антыльскімі астравамі, Калумбіяй і Панамай.

Сусветныя дні праходзяць менш чым праз тры месяцы пасля завяршэння Сінода Біскупаў, прысвечанага моладзі, і праецыруюцца на паслясінадальную сустрэчу моладзі, якую ў чэрвені арганізуе Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Панамскі форум таксама можна разглядаць як свайго роду прадвесніка Сінода па Амазоніі, асабліва беручы пад увагу сустрэчу маладых людзей з карэнных народаў Цэнтральнай Амерыкі, якая праходзіла на мінулым тыдні ў Панаме і папярэднічала Сусветным дням моладзі.

У сувязі з сваім падарожжам, Францішак даслаў традыцыйныя тэлеграмы кіраўнікам краін, над якімі будзе пралятаць яго самалёт. “Калі я збіраюся паехаць у Панаму, з нагоды Сусветных дзён моладзі, - напісаў Пантыфік Прэзідэнту Італіі Серджа Матарэле - натхнёны гарачым жаданнем сустрэць маладых людзей з усяго свету ў знак веры і надзеі, я рады засведчыць Вам, спадар Прэзідэнт, і ўсяму італьянскаму народу маё гарачае і сардэчнае прывітанне, якое суправаджаю сардэчнымі пажаданнямі спакою і супольных намаганняў на карысць агульнага дабра”.

Сусветныя дні моладзі ў Панаме, гэта першы такі форум, што пройдзе ў Цэнтральнай Амерыцы. Сюды прыедуць 7 тыс. чалавек з Сальвадора, 400 – з Кубы, па 2 тыс. – з Аргентыны і Злучаных Штатаў, 3,5 тыс. – з Польшчы, якая стала краінай з самай вялікай колькасцю ўдзельнікаў, не лічачы, канешне, самой Панамы.

Гэта пятыя Сусветныя дні, якія праходзяць на тэрыторыі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Ранейшыя адбыліся ў 1987 г. у Буэнас-Айрэсе, у 1993 г. у Дэнверы, у 2002 г. у Таронта і ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра. У 2008 г. форум праходзіў у Сіднэі, у Акіяніі, усе астатнія мелі месца ў Еўропе. Каля 25 мільёнаў маладых людзей прынялі ўдзел ва ўсіх разам Сусветных днях, якія прайшлі з удзелам Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і Францішка.

Панамская сустрэча пачалася 22 студзеня 2019 г. урачыстай св. Імшой у парку Санта-Марыя-дэ-ла-Антыгуа. Падчас свайго візіту Францішак скіруе 10 прамоў, у тым ліку да дыпламатаў і прадстаўнікоў свету культуры. Сярод важных падзей, сустрэча з Біскупскім Сакратарыятам Цэнтральнай Амерыкі і Панамы, візіт у турму да 192 непаўналетніх зняволеных, некаторых з якіх ён паспавядае, сустрэча з хворымі на СНІД, а таксама “класічныя” падзеі Сусветных дзён моладзі: Крыжовы Шлях, суботняя Вігілія і заключная св.Імша ў нядзелю раніцай.

Панама з’яўляецца першым з пяці пунктаў замежных падарожжаў Францішка, афіцыйна абвешчаных у 2019 г. Праз шэсць дзён пасля вяртання з Цэнтральнай Амерыкі, Папа паляціць у Арабскія Эміраты, дзе будзе знаходзіцца з 3 па 5 лютага. Затым будуць Марока – 30-31 сакавіка, Балгарыя і Македонія – 5-7 мая, і Румынія – з 30 мая па 2 чэрвеня. Такім чынам, у 2019 г. за пяць месяцаў Папа здзейсніць пяць паездак і наведае шэсць краін на чатырох кантынентах.

Як звычайна, перад сваім падарожжам у Панаму Францішак быў у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, дзе маліўся перад абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”: упершыню ў гэтым годзе і 67-ы раз з пачатку свайго пантыфікату.

23 студзеня 2019, 11:21