Пошук

Vatican News
Падчас сустрэчы Францішка з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі Падчас сустрэчы Францішка з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі 

Пантыфік заклікаў біскупаў клапаціцца пра моладзь і святароў

“Адчуваць з Касцёлам”, “Кенозіс Хрыста малады”, Кеносіс Хрыста мае святарскі характар”, “Кеносіс Хрыста бедны”, - так азагаловіў часткі свайго звароту да цэнтральнаамерыканскіх іерархаў Францішак.

Натхненнем для рэфлексіі паслужыла жыццё сальвадорскага біскупа, св. Оскара Рамэра. Ён інстынктыўна разумеў Касцёл, паколькі вельмі любіў яго як крыніцу сваёй веры. “Мы не вынайшлі Касцёла; ён не быў народжаны з намі і будзе працягваць працу без нас. Такое стаўленне не схіляе да бяздзейнасці, наадварот, абуджае і падтрымлівае бязмежную і неймаверную падзяку”, - сказаў Папа 24 студзеня 2019 г. у Панаме, сустракаючыся з членамі Біскупскага Сакратарыята Цэнтральнай Амерыкі і Панамы.

Арцыбіскуп Рамэра паказаў, як быць сапраўдным пастырам, які павінен навучыцца слухаць біццё сэрца свайго народа, як адчуваць “пах” сваіх авечак, сучасных людзей, пагружацца ў іх радасці і надзеі, нягоды і турботы. Без гэтага не магчыма шукаць і адкрываць Пана.

“Важна, браты, каб мы не баяліся наблізіцца і дакрануцца да ран нашага народа, якія з’яўляюцца і нашымі ранамі таксама, і зрабіць гэта такім жа чынам, што робіць сам Пан. Пастыр не можа стаяць у баку ад пакут свайго народа. Мы можам нават сказаць, што сэрца пастыра вымяраецца яго здольнасцю быць кранутым жыццём тых, хто паранены і знаходзіцца пад пагрозай”, - заўважыў Пантыфік. Ён дадаў: “кеносіс Хрыста нагадвае нам, што Бог збаўляе ў гісторыі, у жыцці кожнага чалавека, і што гэта таксама Яго гісторыя, з якой Ён прыходзіць насустрач нам”.

Францішак лічыць, што дзякуючы моладзі “мы можам інтэрпрэтаваць наш свет па-новаму і распазнаваць знакі часу”.

“Маладыя людзі прыносяць з сабой неспакой, які мы павінны шанаваць, паважаць і суправаджаць. Гэта карысна для нас, паколькі хвалюе і нагадвае пра тое, што пастыр ніколі не перастае быць вучнем і падарожнікам”

, - звярнуў увагу Пантыфік.

Папа з жалем заўважыў, што многія маладыя людзі задавольваюцца павярхоўнымі рашэннямі, якія ў канчатковым выніку каштуюць вельмі дорага. “Балюча назіраць, што ў аснове многіх з гэтых сітуацый знаходзіцца досвед занядбанасці – плод культуры і грамадства “разбэшчанасці”, - сцвердзіў ён.

Многія мігранты – гэта маладыя асобы, якія шукаюць лепшага жыцця для сваіх сем’яў. І яны не баяцца рызыкаваць і пакінуць усё для пошуку лепшай будучыні. І Касцёл, паводле Святога Айца, павінен прапанаваць ім гасціннасць, а грамадству дапамагчы пераадолець страхі і падазронасць.

Пантыфік заклікаў, каб біскупы не шкадавалі часу на прыняцце, суправаджэнне і падтрымку сваіх святароў, на клопат пра іх. “Кеносіс Хрыста з’яўляецца вышэйшым выразам спагады Айца. Касцёл Хрыстовы ёсць Касцёлам спагады, і гэта пачынаецца дома. Пастыру заўсёды варта спытаць сябе: “Наколькі я цікаўлюся жыццём маіх святароў? Наколькі ўмею быць айцом, ці, можа, мяне задавальняе роля простага выканаўцы?”, - сказаў Пантыфік. “Важна, каб святар спаткаў айца, пастыра, у якім знайшоў бы адлюстраванне сябе, а не адміністратара, які робіць “агляд войскаў”, - дадаў ён.

Відэа з сустрэчы Папы з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі

“Беднасць з’яўляецца маці і сцяной”, - нагадаў Францішак словы св. Ігнацыя Лаёлы. “Сцяна і маці, што можа дапамагчы нам быць Касцёлам, які становіцца ўсё больш свабодным, таму што ў цэнтры знаходзіцца кеносіс яго Пана. Касцёл, які не жадае, каб яго сіла, - як сказаў арцыбіскуп Рамэра - была ў падтрымцы магутных ці палітыкі, але які высакародна вызваляецца, каб ісці, спадзеючыся выключна на сапраўдную сілу, народжаную ад абдымкаў Укрыжаванага”, - сказаў Папа. Беднасць бароніць сэрца пастыра ад спаўзання ў саступкі і кампрамісы, якія пазбаўляюць волі і мужнасці, якіх Пан патрабуе ад нас, дадаў ён.

Францішак заклікаў біскупаў даверыць сябе Маці Божай, каб бараніла сэрцы і дапамагала верна служыць целу свайго Сына.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2019, 17:30