Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец звярнуўся да лідараў эканамічнага жыцця

Папа накіраваў пасланне да ўдзельнікаў 26-га Сусветнага кангрэса Міжнароднага хрысціянскага аб’яднання кіраўнікоў бізнесу (UNIAPAC). Яно існуе з 1931 г. з штаб-кватэрай у Парыжы.

Францішак падзякаваў лідарам эканамічнага жыцця за імкненне ўвасобіць у эканоміцы і фінансах прынцыпы хрысціянскага сацыяльнага вучэння. На яго думку, зараз адпаведны час, каб задумацца аб пакліканні і місіі бізнесменаў. Адным з выклікаў, якія стаяць перад імі, з’яўляецца падтрыманне далікатнага балансу паміж інавацыямі, больш канкурэнтаздольнай прадукцыяй і супольным дабром, чалавечай годнасцю, справядлівым выкарыстаннем прыродных рэсурсаў.

Пантыфік нагадаў пра кіруючыя прынцыпы, якія прысутнічаюць у Евангеллі і сацыяльным вучэнні Касцёла. У першую чаргу, пра цэнтральнае месца асобы, з яе здольнасцямі, спадзяваннямі, праблемамі і цяжкасцямі. Калі бізнес становіцца “сям’ёй”, у якой працаўнікі ведаюць, што іх не проста эксплуатуюць, а цэняць іх таленты і здольнасці, непакояцца іх умовамі працы, з’яўляецца развіццё.

У эканамічнай дзейнасці мэтай заўсёды павінна быць правіла агульнага дабра, нагадаў Францішак. Гэты асноватворны прынцып хрысціянскай думкі, своеасаблівы компас, які накіроўвае сацыяльную адказнасць бізнесу. Прынцып агульнага дабра – гэта таксама шлях да справядлівага эканамічнаму росту. Сёння трэба развіваць новае палітычнае і эканамічнае мысленне, адкрытае для больш высокіх каштоўнасцей, перакананы Пантыфік.

Таксама ніколі не можна забывацца пра маральны аспект працы. Нашы высілкі, гэта супрацоўніцтва з Богам у будаванні свету, што паскарае надыход Валадарства Божага, звярнуў увагу Папа. Ён заклікаў лідараў бізнесу да большай сацыяльнай адказнасці і клопату пра кожнага чалавека з яго талентамі і здольнасцямі.

28 лістапада 2018, 14:52