Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да “G20 Interfaith”: рэлігіі могуць навучыць дыялогу

Рэлігіі павінны прадэманстраваць свету эфектыўнасць дыялога для рашэння праблем, якія тычацца ўсіх, заўважыў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Міжрэлігійнага форума “G20 Interfaith”.

Канферэнцыя праходзіць 26-28 верасня 2018 г. у Буэнас-Айрэсе пад дэвізам: “Будаванне згоды ў справе справядлівага і ўстойлівага развіцця: уклад рэлігій у годную будучыню”. У ёй прымае ўдзел каля 200 прадстаўнікоў розных веравызнанняў, палітыкі, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з 19 найбольш развітых краін свету і Еўрасаюза.

Папа нагадаў, што перад сучасным светам стаіць мноства складаных задач, якія тычацца не толькі “нашых шматлікіх згубленых і забытых братоў”, але таксама пагражаюць будучыні ўсяго чалавецтва. “А мы, як людзі веры, не можам быць абыякавымі да гэтых пагроз”, - падкрэсліў ён.

Паводле Святога Айца, першы і асноўны ўклад рэлігій ва ўзгаданым кантэсце, заключаецца ў іх здольнасці дэманстраваць эфектыўнасць канструктыўнага дыялога, удзельнікі якога не адмаўляюцца ад ўласнай тоеснасці, але выходзяць насустрач іншым, імкнуцца зразумець іх матывы і ўмеюць ствараць адносіны, поўныя ўзаемнай павагі.

“[Гэтаму павінна спадарожнічаць выразная і моцная перакананасць, што слуханне таго, хто думае інакш, з’яўляецца, у першую чаргу, нагодай для ўзаемнага ўзбагачэння і ўмацавання братэрства]”

- зазначыў Францішак.

Папа падкрэсліў, што не магчыма збудаваць супольны дом, пакідаючы ў баку людзей, якія маюць іншы пункт гледжання, а таксама тое, што для іх важнае і складае частку іх ідэнтычнасці. Трэба будаваць братэрства, якое не будзе “лабараторным”, бо будучыня “грунтуецца на поўнай павазе да суіснавання адметнасцяў, а не на ўніфікацыі адзінай думкі”.

Пантыфік звярнуў увагу на ўмацаванне “тэхнакратычнай парадыгмы развіцця”, якой уласціва логіка панавання і кантролю за рэчаіснасцю у святле эканамічнай выгады і прыбытку. У гэтым кантэксце рэлігіі нагадваюць, што сапраўднае развіццё, як эканамічнае, так і сацыяльнае ці тэхналагічнае, павінна лічыцца з годнасцю чалавека.

“[Чалавек – гэта творца, цэнтр і мэта ўсяго эканамічнага і грамадскага жыцця]”

- дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў міжрэлігійнага форума прапаноўваць новы погляд на людзей і рэчаіснасць, не для таго, каб маніпуліраваць або панаваць над імі, але, каб шанаваць іх прыроду і пакліканне. “Мы можам працаваць усе разам, як Божыя інструменты, каб бараніць і ахоўваць стварэнне”, а кожны можа зрабіць свой унёсак, згодна з уласнай культурай і верай, напісаў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2018, 15:16