Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Пантыфік: у чым заключаецца сапраўдны адпачынак?

Калі адкрываем сэрца на Божы Провід і разумеем, што душа знаходзіць супакой толькі ў Пану, тады жыццё становіцца цудоўным і пачынаецца сапраўдны адпачынак, падкрэсліў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны Дэкалогу, засяродзіўшы сваю ўвагу на трэцяй запаведзі: “Памятай дзень святы святкаваць”.

“Здаецца, што гэту запаведзь вельмі лёгка захоўваць, але гэта памылковае ўяўленне. Адпачываць па-сапраўднаму – нялёгка, бо існуе фальшывы і сапраўдны адпачынак”

- заўважыў Францішак.

“Сучаснае грамадства прагне забаваў і адпачынку. Рэкрэацыйная індустрыя квітнее, а рэклама малюе ідэальны свет як вялікі парк для гульняў, у якім усе забаўляюцца. Цэнтрам цяжару пануючай сёння канцэпцыі жыцця з’яўляецца не дзейнасць і адказнасць, а ўхіленне. Зарабляць грошы, каб забаўляцца, атрымліваць задавальненне. Сённяшні ідэал – гэта паспяховы чалавек, які можа дазволіць сабе мноства розных задавальненняў. Але гэта ментальнасць схіляе да таго, што становімся незадаволенымі жыццём, нячулым ад забаваў, якія не з’яўляюцца адпачынкам, але адчужэннем і ўцёкамі ад рэальнасці”, - сцвердзіў Папа.

“Чалавек ніколі не адпачываў так шмат, як сёння, і ў той жа час, ён ніколі не адчуваў столькі пустаты, як сёння! Магчымасці для забаваў, падарожжы, круізы, мноства іншых рэчаў, якія не напаўняюць сэрца. Больш за тое, не даюць табе адпачыць ”

- папярэдзіў Святы Айцец.

Спасылаючыся на словы Кнігі Быцця, Францішак заўважыў, што для Бога дзень адпачынку быў сузіраннем і благаслаўленнем таго, што Ён стварыў. Гэты факт дапамагае зразумець сэнс трэцяй запаведзі Дэкалога.

“Чым жа з’яўляецца адпачынак згодна з гэтай запаведдзю? Ён з’яўляецца момантам сузірання, момантам праслаўлення, а не ўцякання ад рэчаіснасці. Гэта час, каб паглядзець на рэчаіснасць і сказаць: якое цудоўнае жыццё! Адпачынку, як уцяканню ад рэальнасці, Дэкалог супрацьпастаўляе адпачынак, як благаслаўленне рэальнасці. Для нас, хрысціян, цэнтрам Дня Пана, нядзелі, з’яўляецца Эўхарыстыя, якая азначае “складанне падзякі”. Гэта дзень, каб сказаць Богу: дзякуй, дзякуй Пане за жыццё, за Тваю міласэрнасць, за ўсе Твае дары. Нядзеля – гэта дзень не для таго, каб перакрэсліць іншыя дні, але каб узгадаць іх, благаславіць іх і прымірыцца з жыццём. Як шмат людзей мае вялікія магчымасці для забаваў, але не жыве ў спакоі з жыццём”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Нядзеля – гэта дзень, каб прымірыцца з жыццём, кажучы: жыццё – каштоўнае; яно нялёгкае, часам поўнае пакут, але каштоўнае”

- дадаў Папа.

Паводле Францішка, каб увайсці ў сапраўдны адпачынак трэба адмовіцца ад праклёнаў і нараканняў, трэба прымірыцца з уласнай гісторыяй, з фактам, якія не прымаем, з цяжкімі аспектамі жыцця. “Сапраўдны мір, насамрэч, не заключаецца ў тым, каб змяніць сваю гісторыю, але, каб прыняць і ацаніць яе”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што мы часта атрымліваем суцяшэнне ад хворых, пакорных і бедных хрысціян, якія адараюць выключнай сардэчнай радасцю і спакоем, што маюць смак вечнасці.

“Калі жыццё становіцца цудоўным? Калі пачынаеш добра думаць пра яго, незалежна ад таго, якой з’яўляецца наша гісторыя. Калі прабівае сабе дарогу дар сумневу: ўсё з’яўляецца ласкай, і гэтая святая думка разбурае ўнутраны мур незадаволенасці, даючы пачатак сапраўднаму адпачынку”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Жыццё становіцца цудоўным, калі сэрца адкрываецца на Божы Провід і бачыць праўдівым тое, што кажа псальм: “Толькі ў Богу знаходзіць спакой душа мая””

- закончыў сваю катэхезу Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак заўважыў, што 8 верасня будзе адзначацца свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое нагадвае, што Бог верны сваім абяцанням, а ў Панне Марыі Ён падрыхтаваў жывую святыню, у якой Яго Сын уцелавіўся, пажадаўшы пасяліцца між намі і здабыць для нас збаўленне.

Рэпартаж аб агульнай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
05 верасня 2018, 11:40