Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: біскуп – чалавек малітвы, пропаведзі і камуніі

8 верасня 2018 г. раніцай Папа прыняў у Ватыкане біскупаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях. Яны прымалі ўдзел у рымскім семінары, арганізаваным Кангрэгацыяй евангелізацыі народаў.

Францішак нагадаў, што біскуп павінен быць чалавекам малітвы, пропаведзі і камуніі, клапатлівым і самаахвярным айцом, вольным ад клерыкалізму.

Малітва для біскупа не можа быць адным з многіх абавязкаў, – гэта “неабходнасць”. Біскуп не можа жыць у офісе, як дырэктар кампаніі; ён павінен быць сярод людзей на вуліцах свету, як Езус. Абвяшчэнне Евангелля нясе з сабой спакусу ўлады, існуе рызыка стаць “больш акцёрам, чым сведкай” і прапанаваць “Евангелле без Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага”, падзяліўся сваімі назіраннямі Святы Айцец.

Ён нагадаў таксама, што біскуп павінен быць “чалавекам камуніі”, мець “харызму адзінства”, цэментаваць камунію, у якой мае неабходнасць Касцёл. Сапраўдны пастыр, лічыць Папа, не шукае спосабу трапіць у СМІ, не шукае згоды з гэтым светам, не зацікаўлены ў абароне свайго добрага імя, але рэалізуе камунію, пачынаючы ад сябе, заўсёды гатовы сысці ў адстаўку. Ён не робіць самарэкламы і вядзе жыццё на даверанай яму тэрыторыі, не паддаючыся спакусе частых падарожжаў за межы дыяцэзіі.

Рэпартаж з сустрэчы Папы з біскупамі

“Бяжыце ад клерыкалізму”, - заклікаў Пантыфік іерархаў, пагрозу якога ён падкрэсліваў шматразова. Францішак назваў гэта “дзіўным спосабам разумення ўлады ў Касцёле, вельмі шырока распаўсюджаным у многіх супольнасцях, дзе прысутнічалі злоўжыванні ўладай, сумлення і сексуальныя”. Народ Божы хоча бачыць у біскупах айцоў, а не ўласнікаў. Трыманне дыстанцыі і каманднае стаўленне да іншых могуць здавацца зручнымі і прывабнымі, але гэта не евангельскі падыход, падкрэсліў Францішак.

Сітуацыя сям’і, моладзі, семінарыстаў і бедных, гэта тое, на што біскупы на місійных тэрыторыях павінны звярнуць асаблівую ўвагу. Трэба спрыяць падрыхтоўцы да сужэнства, а затым суправаджаць пары на шляху сумеснага жыцця, неабходна абараняць правы ненароджаных і пажылых людзей.

Што тычыцца семінараў, Папа назваў прыярытэтам іх чалавечую фармацыю, якая ўключае ў сябе ўменне распазнання Божага голасу сярод многіх іншых. Гэта павінны быць людзі гатовыя да служэння і па-чалавечы сталыя.

Францішак перасцярог іерархаў ад пасрэднасці і ляноты. “Не варта забываць, што д’ябал уваходзіць праз кішэні!”, - звярнуў увагу ён, жадаючы біскупам “евангельскага неспакою”.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 верасня 2018, 13:13