Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Францішак: пашана да бацькоў – шлях да шчаслівага жыцця

Дасягненне поўнага і шчаслівага жыцця залежыць ад належнай удзячнасці бацькам, заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб Дэкалогу, Святы Айцец засяродзіў сваю ўвагу на чацвёртай запаведзі: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. Ён нагадаў, што павага да бацькоў патрабуе канкрэтных жэстаў адданасці, любові і клопату. Але гаворка ідзе не толькі пра гэта.

Спасылаючыся на словы з Кнігі Другазаконня: “Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Пан Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Пан Бог твой, дае табе” (Дрг 5,16), Францішак падкрэсліў, што пашана да бацькоў вядзе да доўгага і шчаслівага жыцця.

“Гэтая мудрасць, якая налічвае тысячы гадоў, абвяшчае тое, да чаго гуманітарныя навукі здолелі прыйсці толькі крыху больш за стагоддзе таму: што дзяцінства пазначае ўсё жыццё. Часта можна з лёгкасцю зразумець, наколькі чалавек рос у здаровым і ўраўнаважаным асяроддзі. Але таксама бачна, калі чалавек меў досвед пакінутасці ці насілля”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Наша дзяцінства, як нязмыўныя чарніла, выражаецца ў густах, ладзе жыцця, нават калі некаторыя людзі і спрабуюць схаваць раны свайго паходжання”

- дадаў ён.

Чацвёртая запаведзь сягае яшчэ больш глыбока: заклікае шанаваць бацькоў, не гледзячы на іх недахопы, заўважыў Пантыфік. “Яна не кажа пра дабрыню бацькоў, не патрабуе, каб бацькі і маці былі дасканалымі. Яна кажа пра ўчынак дзяцей, незалежна ад заслуг бацькоў, і кажа штосьці надзвычайнае і вызваленчае: нават калі не ўсе бацькі з’яўляюцца добрымі і не ў кожнага дзяцінства было спакойным, усе дзеці могуць быць шчаслівымі, бо дасягненне поўнага і шчаслівага жыцця залежыць ад належнай удзячнасці тым, хто нарадзіў нас на свет”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што чацвёртая запаведзь можа стаць канструктыўнай для вялікай колькасці моладзі, якая пазнала пакуты ў дзяцінстве. Ён нагадаў пра некаторых святых і благаслаўлёных, якія здолелі ператварыць свой балючы досвед дзяцінства ў жыццё поўнае любові і служэння. Сярод іх Папа ўзгадаў бл. Нунцыа Сульпіцыа, св. Каміла дэ Леліса, св. Жазэфіну Бакіту, бл. Карла Ньёкі і св. Яна Паўла ІІ.

Паводле Францішка, чалавеку, незалежна ад гісторыі, якую ён мае за плячыма, чацвёртая запаведзь указвае напрамак, што вядзе да Хрыста і дазваляе “нарадзіцца нанова”.

“На таямніцы нашага жыцця праліваецца святло, калі мы адкрываем для сябе, што Бог спрадвеку рыхтаваў нас да жыцця сваіх дзяцей, дзе кожны ўчынак – гэта місія, даручаная Ім”

- заўважыў Папа.

“Нашы раны пачынаюць станавіцца патэнцыялам, калі, дзякуючы ласцы, мы разумеем, што сапраўдная таямніца, гэта больш не “чаму?”, але “дзеля каго?”, дзеля каго са мной здарылася гэта. Дзеля якой місіі Бог каваў мяне праз маю гісторыю? Тут усё пераварочваецца, усё становіцца каштоўным, усё становіцца канструктыўным. Мой досвед, у тым ліку сумны і балючы, у святле любові становіцца для іншых крыніцай збаўлення. Тады можам пачаць шанаваць нашых бацькоў у свабодзе дарослых дзяцей і з міласэрным прыняццем іх недахопаў”, - сцвердзіў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы Францішак заклікаў вернікаў выконваць чацвёртую запаведзь, ніколі не абражаючы бацькоў грубымі словамі і памятаючы, што менавіта праз іх мы атрымалі жыццё.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 верасня 2018, 11:17