Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Францішак падвёў вынікі падарожжа ў краіны Балтыі

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Францішак падзяліўся ўражаннямі ад свайго падарожжа ў Літву, Латвію і Эстонію.

Пантыфік нагадаў, што яго візіт быў прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці гэтых краін. “Сто гадоў, палову з якіх яны пражылі пад акупацыяй, спачатку нацысцкай, а потым савецкай. Гэта народы, якія шмат пакутавалі, і таму Пан глядзіць на іх з умілаваннем. Я ўпэўнены ў гэтым”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што яго падарожжа праходзіла ў цалкам іншым кантэксце, чым той, які прысутнічаў у краінах Балтыі ў 1993 г., калі іх наведаў Ян Павел ІІ.

“Таму мая місія заключалася ў тым, каб нанова абвяшчаць гэтым народам радасць Евангелля і рэвалюцыю пяшчоты і міласэрнасці, бо адна свабода, без любові, не дастатковая для спазнання сэнсу і паўнаты жыцця, без любові, якая заўсёды паходзіць ад Бога”, - сказаў Папа.

“Евангелле, што ў час выпрабаванняў дае сілу і дух барацьбе за вызваленне, у час свабоды з’яўляецца святлом для штодзённага пілігрымавання людзей, сем’яў, грамадства, а таксама соллю, што дае смак будзённаму жыццю і захоўвае яго ад сапсаванасці павярхоўнасцю і эгаізмам”

- дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што католікі складаюць большасць насельніцтва ў Літве, лютэране і праваслаўныя – у Латвіі і Эстоніі, але многія людзі ў гэтых краінах увогуле адышлі ад рэлігійнага жыцця. “Таму задачай з’яўляецца ўмацаванне еднасці паміж усімі хрысціянамі, якая ўжо развілася ў цяжкі перыяд пераследу. Насамрэч, экуменічнае вымярэнне было неад’емнай часткай гэтага падарожжа і знайшло выраз падчас малітвы ў Домскім кафедральным саборы ў Рызе і падчас сустрэчы з моладдзю ў Таліне”, - падкрэсліў Францішак.

Папа распавёў, што, звяртаючыся да дзяржаўных уладаў трох балтыйскіх краін, ён падкрэсліваў уклад, які яны робяць у супольнасць народаў, асабліва ў Еўропе, несучы ім чалавечыя і грамадскія каштоўнасці, якія прайшлі праз кацёл выпрабаванняў. “Я заахвоціў да дыялогу паміж пажылым і маладым пакаленнямі, бо кантакт з “каранямі” можа працягваць прыносіць плён у сучаснасці і будучыні. Я заклікаў заўсёды спалучаць свабоду, салідарнасць і гасціннасць, згодна з традыцыяй гэтых земляў”, - зазначыў ён.

Францішак нагадаў, што падчас падарожжа меў дзве асаблівыя сустрэчы: з моладдзю ў Вільнюсе і з пажылымі людзьмі ў Рызе. “На плошчы ў Вільнюсе, напоўненай юнакамі і дзяўчатамі, віднеў дэвіз візіту ў Літву: “Езус Хрыстус – наша надзея”, - сказаў Папа.

“Сведчанні прадэманстравалі прыгажосць малітвы і спеву, у якіх душа адкрываецца на Бога; радасць служэння іншым, калі выходзіш за агароджу ўласнага “я”, каб быць у дарозе, быць здольным уздымацца пасля падзення”

- заўважыў Пантыфік.

Каментуючы сустрэчу з пажылымі людзьмі ў Рызе, Францішак падкрэсліў, што казаў пра блізкую сувязь паміж пакутамі і надзеяй. “Тыя, хто прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, з’яўляюцца карэннем народа, якое трэба бараніць з дапамогай Божай ласкі, каб новыя парасткі маглі чэрпаць з іх, квітнець і прыносіць плады. Заданне тых, хто старэе, заключаецца ў тым, каб не зацвярдзець знутры і заставацца адкрытымі і пяшчотнымі ў думках і сэрцы, а гэта магчыма дзякуючы “лімфе” Святога Духа, малітве і слуханню Слова”, - лічыць Пантыфік.

Узгадваючы пра сустрэчу з святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў Літве, Папа заўважыў, што заклікаў іх быць заўсёды сканцэнтраванымі на Богу, моцна ўкаранёнымі ў Яго любові. “Якое вялікае сведчанне гэтага далі і яшчэ даюць шматлікія пажылыя святары, законнікі і законніцы! Яны пакутавалі ад паклёпаў, турмаў, дэпартацыі..., але засталіся моцнымі ў веры. Я заклікаў не забывацца, захоўваць памяць аб мучаніках, каб наследаваць іх прыклад”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец распавёў, што ў Вільнюсе ўшанаваў памяць генацыду яўрэйскага народа ў Літве, дакладна ў 75-годдзе ліквідацыі вільнюскага гета. “У той жа час, я наведаў і Музей акупацыі і барацьбы за свабоду: спыняўся для малітвы менавіта ў тых камерах, дзе ўтрымлівалі, катавалі і забівалі праціўнікаў рэжыму”, - зазначыў Папа.

“Іх забівалі каля 40 чалавек за ноч. Было вельмі цяжка бачыць, да чаго можа дайсці чалавечая жорсткасць. Падумаем пра гэта!”

- заклікаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што “мінаюць гады, мінаюць рэжымы, але Марыя, Маці Міласэрнасці, над Вострай брамай у Вільнюсе, працягвае чуваць над сваім народам, як знак пэўнай надзеі і суцяшэння”.

Пантыфік нагадаў, што жывым знакам Евангелля заўсёды з’яўляецца практычная міласэрнасць. “Нават там, дзе секулярызацыя мацнейшая, Бог прамаўляе мовай любові, клопату, бескарыслівага служэння тым, хто жыве ў нястачы. І тады сэрцы адкрываюцца і здараюцца цуды: на пустынях пачынае квітнець новае жыццё”, - сказаў ён.

“Падчас трох эўхарыстычных цэлебрацый, якія прайшлі ў літоўскім Каўнасе, латвійскай Аглоне і эстонскім Таліне, святы Божы Народ, што пілігрымуе на гэтых землях, абнавіў сваё “так”, сказанае Хрысту, нашай надзеі; абнавіў разам з Марыя, якая заўсёды застаецца Маці сваіх дзяцей, асабліва тых, хто найбольш пакутуе; абнавіў як выбраны народ, святарскі і святы, у сэрцы якога Бог абуджае ласку хросту”, - заўважыў Папа, спасылаючыся на дэвіз кожнага з трох этапаў свайго ХХV Апостальскага падарожжа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2018, 11:25