Пошук

Святы Айцец падчас сустрэчы з духавенствам Літвы Святы Айцец падчас сустрэчы з духавенствам Літвы 

Святы Айцец да духавенства: падтрымлівайце ў сабе прагу Бога

Заставацца вернымі Божай любові заклікаў Францішак прадстаўнікоў духавенства, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў Літвы, з якімі сустрэўся 23 верасня 2018 г. у катэдральным касцёле свв. Пятра і Паўла ў Каўнасе.

Адпраўным пунктам для разважанняў Францішка, якімі ён падзяліўся з прысутнымі, стаў фрагмент Паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў, у якім гучыць заклік да пастаяннай надзеі, якая нараджаецца з усведамлення, што “тым, хто любіць Бога, (...) усё садзейнічае дзеля дабра іхняга” (Рым 8, 22-28).

“Усё стварэнне разам стогне і пакутуе (...), чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага”, - піша св. апостал Павел. Услед за ім Францішак запрасіў кожнага з прысутных прыслухацца, ці ёсць у ім гэты стогн, гэтае “хваляванне сэрца, якое толькі Бог можа суцішыць”. Ці, можа, “грамадства дабрабыту зрабіла нас занадта насычанымі, поўнымі паслугаў і дабротаў, і мы аказваемся абцяжаранымі ўсім і напоўненымі нічым”. Папа заклікаў “гадаваць у сабе прагу Бога”, весці з Ім “штодзённы дыялог праз малітву і адарацыю”.

“Крык, які прымушае нас шукаць Бога ў малітве і адарацыі – той самы, які дае нам пачуць плач нашых братоў. Яны спадзяюцца на нас, і нам трэба, зыходзячы з руплівай разважлівасці, арганізавацца, пастанавіць сабе быць адважнымі і крэатыўнымі ў нашым апостальстве”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Кажучы пра надзею, апостал Павел заклікаў да пастаянства – пастаянства ў пакутах, пастаянства ў дбанні пра дабро. “Гэта значыць, быць засяроджаннымі на Богу, заставацца моцна ўкаранёнымі ў Ім, быць вернымі Яго любові”, - патлумачыў Папа.

Францішак заклікаў памятаць пра мучаніцтва шматлікіх папярэднікаў, якія зведалі жорсткасць у адказ на абарону грамадзянскіх і рэлігійных свабод, паклёпы, зняволенні і дэпартацыі і пры гэтым захавалі веру ў Езуса Хрыста. “Вы – сыны мучанікаў, і ў гэтым ваша сіла”, - сказаў Папа і дадаў, што “перажытая гісторыя – гэта корань, які дазваляе дрэву квітнець”.

Нарэшце, “глядзець на Езуса Хрыста як на нашу надзею – значыць, атаясамлівацца з Ім, супольна ўдзельнічаць у Яго лёсе”, заўважыў Пантыфік. Ён заклікаў духавенства і кансэкраваных асобаў разам, а не паасобку, выконваць місію, да якой пакліканы, – словам і прыкладам жыцця абвяшчаць Евангелле. “Толькі прыклад нашага жыцця зможа абгрунтаваць нашу надзею на Езуса”, - сказаў Святы Айцец.

Папа перасцярог ад успрыняцця паклікання як працы, як чыноўніцтва. З гэтага памылковага ўсведамлення нараджаецца сум і расчараванне. Лекам ад гэтай хваробы з’яўляецца блізкасць, сказаў Папа. Блізкасць да Бога, блізкасць да свайго народу, да патрабуючых. На гэтай зямлі, дзе Бог праявіў сябе як Бог міласэрнасці, святар не можа не быць міласэрным, асабліва ў канфесіянале, выказаў упэўненасць Францішак. “Калі не можаце знайсці рашэнне праблемы, суцешце, дайце верніку адчуць Айцоўскую любоў Бога (...) Канфесіянал – не кабінет псіхіятра. У ім павінна праяўляцца Божая міласэрнасць. Святарскае служэнне і кансэкраванае жыццё – гэта жыццё маці і айцоў, жыццё міласэрнасці. Калі будзеце так жыць, будзеце мець цудоўную ўсмешку і вочы, поўныя шчаслівага бляску”, - заключыў Святы Айцец. 

Навіна ў фармаце аўдыё

 

23 верасня 2018, 14:55