Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас экуменічнай сустрэчы ў рыжскім Домскім кафедральным саборы Папа падчас экуменічнай сустрэчы ў рыжскім Домскім кафедральным саборы  (AFP or licensors)

Папа ў рыжскім Домскім саборы: няхай заўсёды гучыць музыка Евангелля

Няхай не перастае гучаць музыка Евангелля, якая робіць нас місійнымі вучнямі Пана, пажадаў Папа падчас экуменічнай сустрэчы, якая 24 верасня 2018 г. адбылася ў рыжскім Домскім кафедральным саборы.

Святы Айцец высока ацаніў сяброўскія адносіны і супрацоўніцтвам паміж рознымі хрысціянскімі супольнасцямі ў Латвіі. “Асмелюся сказаць, што гэта з’яўляецца “жывым экуменізмам”, які ёсць адной з характэрных рысаў Латвіі. Безумоўна, гэта прычына для надзеі і падзякі”, - сказаў ён.

Францішак зазначыў, што Домскі кафедральны сабор ужо на працягу больш чым 800 гадоў выконвае ролю важнага цэнтра хрысціянскага жыцця ў Рызе, а ўнутры яго знаходзіцца адзін з самых старажытных у свеце арганаў, які адначасова з’яўляецца сімвалам і сабора, і горада.

Папа падкрэсліў, што для жыхароў Рыгі, арган – гэта частка тоеснасці, а для турыстаў, якія прыбываюць, каб паглядзець на яго і сфатаграфаваць, гэта толькі мастацкі аб’ект. Ён папярэдзіў, каб рыжане не ператвараліся ў турыстаў, для якіх важны элемент тоеснасці з’яўляецца музейным экспанатам, што не ўзрушвае сэрца.

Святы Айцец зазначыў, што падобным чынам можа здарыцца і з верай. Мы можам перастаць адчуваць сябе “карэннымі хрысціянамі”, але турыстамі.

“Больш за тое, мы можам сцвердзіць, што ўся наша хрысціянская традыцыя можа спазнаць такі самы лёс: быць зведзенай да аб’екту з мінулага, які, будучы закрытым у мурах нашых цэркваў, перастане граць мелодыю, здольную узрушваць і натхняць жыццё і сэрцы тых, хто яе слухае”

- сказаў Папа.

Папа падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы дэманстраваць іншым прыгажосць сваёй веры. У адваротным выпадку свету пагражае згуба надзеі, радасці, даверу, здольнасці да паяднання і барацьбы за годнасць чалавека. Яму пагражае закрытасць у самотнасці і ізаляцыі, папярэдзіў Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра актуальнасць малітвы Хрыста аб еднасці паміж Ягонымі вучнямі, “каб паверыў свет”. “Місія дагэтуль кліча нас да еднасці і патрабуе ад нас еднасці”, - сцвердзіў Пантыфік і заклікаў, каб ніколі не пераставала гучаць музыка Евангелля.

Перад абліччам сучасных цяжкасцей для хрысціян Езус працягвае клікаць сваіх вучняў да перажывання Евангелля з радасцю, удзячнасцю і радыкалізмам, перакананы Папа. 

“Калі Хрыстус палічыў нас годнымі граць мелодыю Евангелля, ці перастанем гэта рабіць?”

- спытаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што еднасць, аб якой Езус просіць сваіх вучняў, заўсёды павінна разглядацца ў місійным ключы. “У нас атрымаецца споўніць гэтую экуменічную місію, калі дазволім, каб нас прасякнуў дух Хрыста, які ў стане “зламаць цяжкія схемы, у якія мы імкнёмся Яго заключыць, і здзіўляе нас сваёй няспыннай боскай крэатыўнасцю. Кожны раз, калі мы хочам звярнуцца да крыніцаў і знайсці першапачатковую свежасць Евангелля, нам адкрываюцца новыя шляхі, творчыя метады, іншыя формы выяўлення, найбольш выразныя знакі, словы, поўныя новага сэнсу для сучаснага свет”.

“Няхай не перастае гучаць сярод нас музыка Евангелля! Няхай не перастае абуджаць тое, што дазваляе нашаму сэрцу надалей марыць і імкнуцца да поўнага жыцця, да якога Пан кліча нас усіх: да быцця Яго місійнымі вучнямі у свеце, у якім мы жывем”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй прамовы.

Рэпартаж з экуменічнай малітвы ў Рызе
Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2018, 10:31