Бэта версія

Cerca

Vatican News
Кадр з відэапаслання Папы Кадр з відэапаслання Папы 

Пантыфік да балтыйцаў: перадаваць моладзі спадчыну свабоды

“Хоць я і еду як Пастыр Каталіцкага Касцёла, хацеў бы, аднак, абняць вас усіх і пераказаць пасланне міру, добрай волі і надзеі на будучыню”, - адзначыў Папа ў відэапасланні да народаў Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Напярэдадні Апостальскага падарожжа ў краіны Балтыі Святы Айцец звярнуўся да іх народаў са словамі шчырага прывітання. Відэапасланне распаўсюдзіла 20 верасня 2018 г. Зала Друку Святога Пасаду.

“Мой візіт супадае са стагоддзем незалежнасці вашых народаў, – падкрэсліў Пантыфік, – і, канечне, ушануе памяць усіх тых, чыя ахвяра ў мінулым зрабіла магчымай сённяшнюю свабоду”. Францішак заклікаў жыхароў Балтыі “бесперапынна ахоўваць і перадаваць новым пакаленням” каштоўную спадчыну, якой з’яўляецца свабода.

“У часы цемры, жорсткасці і пераследу полымя свабоды не павінна гаснуць, але ўдыхаць надзею на будучыню, у якой годнасць, дадзеная Богам кожнаму чалавеку, паважалася б і дзе мы адчувалі б сябе пакліканымі да супрацоўніцтва ў будаўніцтве справядлівага і братэрскага грамадства”

, - выказаў перакананне Святы Айцец.

Ён адзначыў наяўную сёння тэрміновую неабходнасць у пачуцці салідарнасці і служэнні на карысць усеагульнага дабра і пажадаў, каб яго візіт “стаў крыніцай падбадзёрвання для ўсіх тых людзей добрай волі, якія, натхнёныя глыбокімі духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі, атрыманымі ў спадчыну з мінулага, працуюць дзеля палягчэння пакут братоў і сясцёр у патрэбе і дзеля пашырэння адзінства і гармоніі ў грамадстве, на ўсіх яго ўзроўнях”.

Свой відэазварот Папа завяршыў словамі падзякі ўсім тым, хто дапамагае ў падрыхтоўцы яго балтыйскага падарожжа, і запэўненні ў сваёй малітоўнай блізкасці ўсіх жыхароў краін Балтыі.

Відэапасланне папы да народаў Балтыі

Чатырохдзённы Апостальскі візіт Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію распачнецца 22 верасня 2018 г. і працягнецца чатыры дні. Ён уключыць у сябе св. Імшы, экуменічныя набажэнствы, сустрэчы з духавенствам, моладдзю, каталіцкімі дабрачынцамі. У кожнай з краін прадугледжаны выступленні перад уладамі, грамадскасцю і дыпламатычным корпусам, візіты ветлівасці да палітычнага кіраўніцтва.

Не менш за паўтары тысячы пілігрымаў з Беларусі запісаліся ў арганізаваныя пры парафіях групы, якія возьмуць удзел у сустрэчы моладзі ў Вільнюсе і св. Імшы ў Каўнасе.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2018, 10:37