Бэта версія

Cerca

Vatican News
Эстонская моладзь падчас сустрэчы з Папам Эстонская моладзь падчас сустрэчы з Папам  (Vatican Media)

Папа ў Эстоніі: Касцёл хоча быць зразумелым для моладзі

У Таліне Францішак перасцярог ад страхаў, якія, як правіла, замыкаюць супольнасць і падштурхоўваюць да празелітызму, і заклікаў будаваць братэрскія адносіны.

25 верасня 2018 г., у рамках свайго Апостальскага візіту ў Эстонію, ён узначаліў экуменічную сустрэчу з маладымі людзьмі ў сталічным лютэранскім храме св. Карла.

У самым пачатку, Папа падзякаваў маладым вернікам і архіепіскапу Эстонскай Евангелічна-Лютэранскай Царквы Урмасу Віілма за словы прывітання. Затым ён спаслаўся на словы з Евангелля св. Мацвея на выяве ў апсідзе храма: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).

Пантыфік адзначыў, што маладыя людзі часта адчуваюць сябе незразуметымі і запэўніў:

“Я хачу вам тут сёння сказаць, што калі вы плачаце, мы хочам плакаць з вамі, суправаджаць нашымі апладысментамі і ўсмешкай вашыя радасці, дапамагчы вам жыць у наследаванні Пана”

У той жа час, Папа прызнаў, што для суправаджэння моладзі Касцёлу трэба выправіць многае ў існуючай сітуацыі, якая прыводзіць да адыходу маладых з хрысціянскай супольнасці. Яны абураныя сексуальнымі і эканамічнымі скандаламі, не бачачы іх рашучага асуджэння; няздольнасцю правільнага разумення жыцця і прысваеннем моладзі выключна пасіўнай ролі ў Касцёле.

Францішак запэўніў, што Касцёл хоча адказваць на пытанні маладога пакалення і жадае быць для яго празрыстай, гасціннай, сумленнай, прывабнай, камунікатыўнай, зразумелай, радаснай і інтэрактыўнай супольнасцю.

Рэпартаж з сустрэчы Папы з эстонскай моладдзю

Святы Айцец адзначыў, што многія маладыя эстонцы не ведаюць Хрыста, яны перажылі распад кахання бацькоў, адчуваюць сябе настолькі бескарыснымі, што вымушаны эміграваць у пошуках працы. У гэтай сітуацыі ім патрэбна шчырая любоў іншых. “Мы аб’яднаныя верай у Езуса, і Ён чакае, каб мы неслі Яго ўсім маладым людзям, якія страцілі сэнс жыцця”, - звярнуўся Францішак.

“Молімся, каб мець апостальскую сілу несці Евангелле іншым, даваць яе, а не навязваць, каб адмовіцца ад ператварэння нашага хрысціянскага жыцця ў музей успамінаў. Хрысціянскае жыццё – гэта жыццё, будучыня і надзея”, - сказаў Папа. У завяршэнне ён заклікаў моладзь не баяцца Божых “сюрпрызаў”, смела ісці наперад, каб сустрэць іх.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Папа правёў экуменічную сустрэчу з эстонскай моладдзю
25 верасня 2018, 13:04