Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Пасланне Папы да Сінода метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў

"Дзякую Богу за дар веры і паразуменне, якое ўмацоўваецца паміж намі", - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Сінода метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў.

Форум пачаўся 26 жніўня 2018 г. у горадзе Торэ-Пелічэ, на поўначы Італіі. У сваім лісце Францішак зазначыў, што пакліканнем усіх хрысціян з’яўляецца абвяшчэнне праўды аб Езусе Хрысте, якое павінна быць спалучана з жыццём у любові, асабліва да самых бедных.

“Мы пакліканы цалкам аддаць сябе справе абвяшчэння Езуса, якое стане пераканаўчым калі будзе засведчанна жыццём у любові, асабліва да шматлікіх Лазараў, якія сёння стукаюць у нашыя дзверы”, - напісаў Святы Айцец.

“Служачы сучаснаму чалавеку, баронячы годнасць самых слабых і спрыяючы справядлівасці і міру, мы становімся будаўнікамі таго супакою, які Пан абвясціў пасля свайго ўваскрасення, а нам пакінуў у спадчыну”

- дадаў ён .

Францішак запэўніў удзельнікаў Сінода ў братэрскай блізкасці Каталіцкага Касцёла і сваёй асабістай. “Молячыся за вас, я ўяўляю, што малюся таксама разам з вамі, супольна просячы Бога, нашага Айца, каб усе хрысціяне маглі з шчырасцю крочыць у кірунку поўнай еднасці. Толькі так, канкрэтна адказваючы на заклік Пана – “каб усе былі адно”, мы зможам абвяшчаць Евангелле найлепшым чынам”, - падкрэсліў Пантыфік.

“З удзячнасцю захоўваючы ўспаміны пра нашы сустрэчы ў Аргентыне, і больш нядаўнія, у Турыне і Рыме, скіроўваю вашай сінадальнай асамблеі і кожнаму з вас лепшыя пажаданні на гэтыя дні малітвы, дыскусій і працы. Просячы Пана аб благаслаўленні для вас, прашу, калі ласка, не забываць маліцца за мяне і за нас, вашых братоў і сясцёр”, - закончыў сваё пасланне Папа.

Сінод метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў праходзіць 26-31 жніўня. У ім прымаюць удзел 180 дэлегатаў – пастары і свецкія вернікі. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форума знаходзяцца пытанні як рэлігійнага, так і грамадскага характару, сярод якіх найбольш актуальнае – гэта праблема міграцыі, вырашэнню якой італьянскія пратэстанскія супольнасці спрыяюць разам з каталіцкай дабрачыннай “Супольнасцю св. Эгідзія”.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2018, 11:13