Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Папа на агульнай аўдыенцыі: варта ўзяць на сябе імя Бога

Другая Божая запаведзь – гэта заклік да адносін з Богам без крывадушнасці і фармалізму, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 жніўня 2018 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Працягваючы цыкл катэхез аб Дэкалогу, Святы Айцец засяродзіў сваю ўвагу на запаведзі: “Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна” (Зых 20,7).

Пантыфік заўважыў што выраз “не ўжывай” у перакладзе з яўрэйскай і грэчаскай мовы азначае “не бяры на сябе”. Слова “дарэмна”, гэта “марна”, “упустую”. Гаворка ідзе пра адносіны з Богам без крывадушнасці, фармалізму і падману.

Францішак зазначыў, што ў Бібліі імя – гэта глыбокая праўда рэчаў і людзей. Вельмі часта імя прадстаўляе сабой місію. Папа нагадаў, што Абрам і Сымон Пётр атрымалі новыя імёны на знак змены кірунку іх жыцця. У той жа час, сапраўднае пазнанне імя Бога вядзе да перамены ўласнага жыцця, як адбылося з Майсеем.

Святы Айцец распавёў, што згодна з юдэйскімі звычаямі, імя Бога ўрачыста абвяшчалася ў Дзень Вялікага Прабачэння, а народ атрымліваў прабачэнне, бо менавіта праз імя ўваходзіў у кантакт з самім жыццём Бога, Які з’яўляецца міласэрнасцю. Такім чынам, “узяць на сябе імя Бога”, значыць прыняць на сябе Яго рэчаіснасць, увайсці ў моцныя адносін з Ім.

“[Для нас, хрысціян, гэта запаведзь з’яўляецца заклікам да таго, каб памятаць, што мы былі ахрышчаны. Як? – “У імя Айца і Сына, і Духа Святога”, як сцвярджаем кожны раз, калі робім на сабе знак крыжа, каб жыць нашымі штодзённымі справамі ў адчувальнай і рэальнай еднасці з Богам, гэта значыць у Яго любові]”

- сказаў Папа.

“Можна спытацца: а ці магчыма ўзяць на сябе імя Бога крывадушна, як нешта фармальнае, упустую? На жаль, адказ станоўчы: так, гэта магчыма. Жыць фальшывымі адносінамі з Богам – магчыма. Езус казаў пра гэта настаўнікам Закону. Яны рабілі многія рэчы, але не рабілі таго, чаго жадаў Бог. Казалі пра Бога, але не спаўнялі Божай волі. Парада, якую дае Езус, наступная: “Рабіце тое, што яны кажуць, але не тое, што яны робяць”. Жыць фальшывымі адносінамі з Богам, як гэтыя людзі, магчыма”, - сцвердзіў Папа.

Паводле Францішка, другая запаведзь з’яўляецца менавіта заклікам да адносін з Богам без крывадушнасці, да адносін, у якіх давяраем Пану ва ўсім. Пакуль не рызыкнём усім разам з Богам, асабіста спазнаўшы, што ў Ім ёсць жыццё, застанёмся толькі на ўзроўні тэорыі, лічыць Пантыфік.

“[Гэта хрысціянства, якое кранае сэрцы: сустрэча з Богам у праўдзе. Чаму святыя маюць здольнасць кранаць сэрцы? Бо яны не толькі кажуць, але і расчульваюць! Калі святы чалавек да нас прамаўляе, наша сэрца ўзрушаецца. У святых мы бачым тое, чаго глыбока прагне наша сэрца: сапраўднасць, праўдзівыя адносіны, радыкалізм]”

- сказаў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што тое ж бачна і ў “святых, што жывуць у суседстве”, маючы на ўвазе, між іншым, шматлікіх бацькоў, якія даюць сваім дзецям прыклад паслядоўнага, простага, сумленнага і шчодрага жыцця.

“Калі будзе расці колькасць хрысціян, якія бяруць на сябе імя Бога без фальшы, практыкуючы такім чынам першую просьбу малітвы “Ойча наш” – “свяціся імя Тваё” – прапаведаванне Касцёла будзе лепш пачутае і больш пераканаўчае. Калі наша канкрэтнае жыццё будзе дэманстраваць імя Бога, то ўбачым наколькі цудоўным з’яўляецца хрост і вялікі дар Эўхарыстыі! Якой цудоўнай з’яўляецца еднасць паміж нашым целам і Целам Хрыста”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што пасля Хрыстовага крыжа ўжо ніхто не можа пагарджаць сабой і кепска думаць пра ўласнае жыццё, “таму што імя кожнага з нас – на плячах Хрыста”.

“[Варта ўзяць на сябе імя Бога, таму што Ён аж да канца ўзяў на сябе цяжар нашага імя, а таксама зла, якое ёсць у нас, каб памясціць у наша сэрца сваю любоў. Таму Бог кажа ў гэтай запаведзі: “Вазьмі на сябе мяне, бо Я ўзяў на сябе цябе]”

- падкрэсліў Папа.

“Кожны, незалежна ад сітуацыі ў якой знаходзіцца, можа ўсклікаць да святога імя Пана, які з’яўляецца вернай і міласэрнай Любоўю. Бог ніколі не скажа “не” сэрцу, якое з шчырасцю да Яго ўсклікае”, - запэўніў Святы Айцец на заканчэнне сваёй катэхезы.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
22 жніўня 2018, 12:10