Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ліст Папы да народу Божага: рэакцыя на злоўжыванні духавенства

Цытатай з Першага паслання да Карынцянаў, – “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12, 26) – пачынаецца Ліст да народу Божага папы Францішка.

Ён быў абнародаваны 20 жніўня 2018 г. у Ватыкане і закранае справу сексуальных злоўжыванняў духавенства.

Пасля апублікавання дакладу Вялікага журы прысяжных Пенсільваніі, аказалася, што ў шасці з васьмі каталіцкіх дыяцэзій штата 301 каталіцкі святар учыніў на працягу апошніх 70 гадоў сексуальныя злоўжыванні адносна больш чым тысячы дзяцей.

Пантыфік прызнаўся, што менавіта гэтыя словы св. Паўла “моцна гучаць у яго сэрцы”, калі ў чарговы раз чуе, што “многія непаўналетнія пакутуюць ад сексуальнага выкарыстання і злоўжывання ўлады і сумлення, здзейсненых вялікай колькасцю святароў і кансэкраваных асоб”.

“Гледзячы ў мінулае, ніколі не будуць дастатковымі просьбы аб прабачэнні і спробы выправіць нанесеную шкоду. Зазіраючы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што мы робім, каб стварыць культуру, здольную прадухіліць падобныя сітуацыі”

, - напісаў Францішак.

“Пакуты ахвяр і іх сем’яў, гэта таксама і наш боль, таму нам трэба яшчэ раз падкрэсліць нашы намаганні па забеспячэнні абароны непаўналетніх і дарослых у сітуацыях пагрозы”, - дадаў ён. Хоць можна сцвердзіць, што большасць выпадкаў датычаць мінулага, аднак, пакуты ахвяр не знікаюць, і гэта, паводле пераканання Святога Айца, “прымушае да рашучага асуджэння такога роду зверстваў”.

“З сорамам і раскаяннем, як супольнасць Касцёла, мы прызнаем, што не змаглі быць там, дзе павінны былі быць, што не дзейнічалі своечасова, прызнаючы памер і сур’ёзнасць шкоды, нанесенай многім людзям”

, - гаворыцца ў Ліце да народу Божага.

Сёння, кожны вернік закліканы ўзяць на сябе боль сваіх братоў, параненых у целе і душы, звярнуў увагу Папа. Калі мінулае адзначалася халатнасцю, сучаснасць павінна прынесці салідарнасць, якая разумеецца ў самым глыбокім і патрабавальным сэнсе, каб “ахвяры гвалту ўсіх відаў маглі знайсці руку дапамогі, якая абароніць і вызваліць ад болю”.

Адной з прычын таго, што адбылося, Францішак называе “няправільнае разуменне ўлады ў Касцёле”, вынікам чаго з’яўляецца клерыкалізм, стаўленне, якое “анулюе” хрысціянскую тоеснасць, прымяншае і недаацэньвае ласку хросту.

“Я заклікаю ўвесь святы верны народ Божы да пакутнай малітвы і посту, паводле загаду Пана”

, - гучыць у Лісце.

Пантыфік тлумачыць, што ўсе захады да выкаранення культуры насілля ў каталіцкай супольнасці, з “дынамікай, неабходнай для здаровай і эфектыўнай трансфармацыі”, не маюць сэнсу без “актыўнага ўдзелу ўсіх членаў Касцёла”.

“Пакаяннае вымярэнне посту і малітвы дапамогуць нам, як народу Божаму, стаяць перад Панам і нашымі параненымі братамі, як грэшнікі, просячы прабачэння і ласкі сораму і раскаяння”

, - напісаў Папа.

У той жа час пакаянне і малітва, дадаў ён, дапамогуць католікам прыцягнуць сваю ўвагу да пакут іншых і пераадолець імкненне да панавання і валодання, якія так часта становяцца крыніцай такога роду зла.

“Няхай Дух Святы дасць нам ласку навяртання і ўнутранага памазання, каб перад абліччам злачынства злоўжыванняў мы змаглі выказаць наша пакаянне і нашу рашучасць мужна змагацца з імі”, - напісаў у завяршэнні свайго Ліста да народу Божага Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 жніўня 2018, 11:09