Бэта версія

Cerca

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў Дубліне Францішак падчас св. Імшы ў Дубліне  (AFP)

Папа да сем’яў: быць любоўю ўнутры Касцёла

Кульмінацыяй ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў стала св. Імша, якую Папа цэлебраваў 26 жніўня 2018 г. на тэрыторыі дублінскага “Фенікс-Парку”.

Напачатку св. Імшы Францішак папрасіў прабачэння за ўсё злоўжыванні, якія ўчынілі ў Ірландыі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, і запэўніў у намаганнях, каб падобныя злачынствы больш ніколі не здараліся.

“На завяршэнне гэтай Сусветнай сустрэчы сем’яў збіраемся як сям’я вакол алтара Пана. Дзякуем Пану за шматлікія благаслаўленні, якія атрымалі нашы сем’і. Прагнем узяць на сябе абавязак напоўніцу жыць нашым пакліканнем, каб быць, згодна з кранаючымі словамі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, “любоўю ў сэрцы Касцёла”, - пачаў сваю гамілію Папа.

Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў буйнейшага каталіцкага сямейнага форума спыніцца і ўсвядоміць, што крыніцай усяго дабра, якое атрымалі, з’яўляецца Святы Дух. Менавіта Ён няспынна ўдыхае новае жыццё ў свет, сэрцы, сем’і, дамы і парафіі. Папа пажадаў, каб адным з плёнаў сустрэчы, стала місійная дзейнасць сем’яў, каб, па вяртанні дамоў, дзяліліся “словам жыцця вечнага” з іншымі людзьмі.

“Вашы сем’і, сапраўды, з’яўляюцца, як прывелеяваным месцам, так і важнай прыладай распаўсюджвання гэтага слова, Добрай весткі для кожнага, асабліва для тых, хто прагне пакінуць пустыню і “дом няволі” і крочыць да абяцанай зямлі надзеі і свабоды”

- сказаў Папа.

Францішак зазначыў, што жыць у любові, нападабенства той, якой Хрыстус палюбіў людзей, значыць наследаваць Яго праз ахвяраванне сабой, значыць памерці для нас саміх, каб адрадзіцца да больш вялікай і больш трывалай любові.

“Гэта любоў – адзіная, якая можа збавіць свет ад няволі граху, эгаізму, сквапнасці і абыякавасці да патрэбаў самых няшчасных. Гэта любоў, якую пазналі ў Езусе Хрысце”, - сказаў Папа.

“Ён уцелавіўся ў нашым свеце праз сям’ю і праз сведчанне хрысціянскіх сем’яў у кожным пакаленні мае сілу, каб зламаць любыя бар’еры, каб прымірыць свет з Богам і ўчыніць з нас тое, чым нам спрадвеку наканавана быць: адзінай чалавечай сям’ёй, якая жыве разам у справядлівасці, святасці і міры”

падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак пагадзіўся, што сведчыць аб Евангеллі ў сучасным свеце нялёгка. У той жа час, выклікі, якія хрысціяне маюць перад сабой сёння, не менш цяжкія, чым тыя, на якія павінны былі адказаць першыя ірландскія місіянеры, напрыклад св. Калумбан і яго паплечнікі.

“Іх надзвычайны місійны поспех не грунтаваўся на тактычных метадах і стратэгічных планах, але на пакорнай і вызваляючай паслухмянасці натхненням Святога Духа. Гэта іх штодзённае сведчанне вернасці Хрысту і адзін аднаму пакарыла сэрцы, якія горача прагнулі слова ласкі і паспрыяла з’яўленню еўрапейскай культуры”

- сказаў Папа

“Гэта сведчанне застаецца невычарпальнай крыніцай духоўнага і місійнага абнаўлення для святога і вернага Божага люда”, - дадаў ён.

Францішак заклікаў сем’і не паддавацца спакусам абыякавасці і варожасці. “Як цяжка заўсёды прабачаць тых, хто нас раніць! Якім вялікім выклікам з’яўляецца прыняцце мігранта і чужынца! Як балюча пераносіць расчараванне, адчужэнне ці здраду! Як нязручна бараніць правы самых уразлівых, яшчэ не народжаных ці самых пажылых, якія здаецца не пакідаюць у спакое наша адчуванне свабоды”, - сказаў ён.

Паводле Папы, у сілу сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі кожны хрысціян пакліканы быць місіянерам, “місійным вучнем”. “Касцёл у сваёй цэласнасці пакліканы “выходзіць”, каб несці словы вечнага жыцця на перыферыі свету”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Рэпартаж з заключнай св. Імшы ІХ Сусветнай сустрэчы сем'яў
Навіна ў фармаце аўдыё
26 жніўня 2018, 16:56