Cerca

Vatican News
Памятны медаль шостага года пантыфікату Францішка Памятны медаль шостага года пантыфікату Францішка 

Выйшаў памятны медаль шостага года пантыфікату Францішка

Памятны медаль, прымеркаваны да шостага года пантыфікату папы Францішка, убачыць свет 26 ліпеня 2018 г. Ён выкананы ў трох варыянтах – з золата, срэбра і бронзы.

Памятны медаль, прымеркаваны да шостага года пантыфікату папы Францішка, убачыць свет 26 ліпеня 2018 г. Яго можна будзе набыць непасрэдна ў Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і ў афіцыйных ватыканскіх кнігарнях.

На аверсе медаля, які распрацавала італьянская мастачка К’яра Прынчыпэ, уверсе размешчана выява голуба, сімвала Духа Святога, які сваімі крыламі ахінае папскі герб, адчаканены ў цэнтры. Па баках бачны надпіс на лацінскай мове: “FRANCISCUS. P.M. ANNO VI”. Унізе ўказана імя аўтара.

Выява, размешчаная на рэверсным баку медаля, утрымлівае два супрацьлеглыя сюжэты. З аднаго боку – панаванне міру, увасобленага ў ласкавых абдымках маці і дзіця ў засені аліўкавых галінак, з іншага – юнак за калючым дротам, вобраз насілля і прымусу. Паміж дзвюма выявамі – квітнеючы мак, традыцыйны сімвал загінулых на вайне. Уздоўж знешняга краю размешчана фраза па-італьянску: “Nulla è perduto con la pace. Tutto può esserlo con la guerra” (Нічога не губляецца з мірам. Усё можна згубіць з вайной). Гэта цытата з Радыёпаслання папы Пія XII, прамоўленага ім 25 жніўня 1939 г., за некалькі дзён да пачатку Другой сусветнай вайны.

Памятны медаль выкананы ў трох варыянтах – з золата, срэбра і бронзы. Тыраж будзе абмежаваны: 30 залатых, 1,5 тыс. срэбных і 2 тыс. бронзавых асобнікаў, а таксама 30 набораў-трыпціхаў.

Кожны экземпляр медаля суправаджаецца гарантыйным сертыфікатам, пранумераваным і зацверджаным пячаткай Дзяржсакратарыята і Італьянскага манетнага двара, яго выканаўцы.

Памятныя медалі Пантыфік уручае прадстаўнікам урадавых і дыпламатычных дэлегацый краін падчас сустрэчы з імі ў Ватыкане ці ў рамках сваіх Апостальскіх падарожжаў.

25 ліпеня 2018, 15:39