Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфіку прапануюць “экалагічна” дапоўніць кананічнае права

Норму, якая б зацвярджала “сур’ёзную адказнасць” хрысціяніна за ахову навакольнага асяроддзя, прапануе дадаць у Кодэкс кананічнага права кардынал Франчэска Кокапальмерыа.

“Новы канон гучаў бы прыблізна так: кожны хрысціянін, памятаючы, што сусвет – гэта агульны дом, мае сур’ёзны абавязак не толькі не разбураць, але звычайнымі паводзінамі і дзякуючы адмысловым ініцыятывам паляпшаць стан навакольнага асяроддзя, у якім кожная асоба паклікана жыць”, - патлумачыў былы старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.

З адпаведнай прапановай па ўдасканаленні асноўнага прававога дакумента Каталіцкага Касцёла ў бліжэйшы час пурпурат плануе звярнуцца да папы Францішка.

Аб гэтым кардынал Кокапальмерыа паведаміў падчас “экалагічнай” сустрэчы прадстаўнікоў шэрагу ватыканскіх структур, каталіцкіх фондаў і арганізацый, якая адбылася 12 ліпеня 2018 г. у Рыме. Форум пад назвай “Дыялог адносна каталіцкіх інвестыцый у энергетычны паварот” быў прысвечаны пытанням фінансавання праектаў у энергетычным сектары.

Удзельнікі сустрэчы выказалі згоду адносна неабходнасці скарачаць інвестыцыі ў здабычу гаручых карысных выкапняў і падтрымліваць праекты па пераходзе на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Інвестыцыйная дзейнасць каталіцкіх структур, нагадалі яны, павінна мець сацыяльна адказны характар і адпавядаць сацыяльнаму вучэнню Каталіцкага Касцёла.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 ліпеня 2018, 16:22