Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа падчас “Анёл Панскі” пра “бедныя сродкі” ў евангелізацыі

Аб факце, што Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры місіі Касцёла, і што Яго пасланне павінна абвяшчацца “беднымі сродкамі”, нагадаў Францішак.

15 ліпеня 2018 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” Пантыфік адзначыў, што з беднасцю вучняў Езуса спалучана рызыка няўдачы, але толькі ў саюзе з Ім можна знайсці мужнасць для прапаведавання.

“Сённяшняе Евангелле (Мк 6, 7-13) апісвае момант, калі Езус пасылае Дванаццаць з місіяй. - нагадаў Папа - Пасля таго, як паклікаў кожнага з іх па імені “каб яны былі з Ім” (Мк 3, 14), слухаючы Яго словы і назіраючы за Яго жэстамі аздараўлення, цяпер кліча іх ізноў каб “высылаць іх па двое” (Мк 6, 7) у вёскі, куды збіраўся ісці. Гэта свайго роду “прывучэнне” да таго, што яны будуць пакліканы рабіць сілай Святога Духа пасля ўваскрэсення.

“[Евангельскі фрагмент факусуецца на місіянерскім стылі, стылі, які можна рэзюмаваць у двух пунктах: місія мае свой цэнтр; місія мае сваё аблічча.]”

У вучня-місіянера, у першую чаргу, ёсць свой цэнтр, якім з’яўляецца асоба Езуса. Апісанне звяртае ўвагу на гэта, выкарыстоўваючы разнастайныя дзеясловы, суб’ектам якіх з’яўляецца Езус – “паклікаў”, “пачаў высылаць”, “даў ім уладу”, “наказаў ім”, “і сказаў ім” (Мк 3, 7.8.10). Таму выхад і дзейнасць Дванаццаці выпраменьваюць з цэнтра, становяцца паўтарэннем прысутнасці і дзеяння Езуса ў Яго місіянерскай працы. Гэта паказвае, што апосталы не мелі для абвяшчэнні нічога ўласнага, не жадалі паказваць свае здольнасці, але казалі і дзейнічалі як “пасланыя”, як пасланнікі Езуса.

Гэты эпізод Евангелля таксама адносіцца і да нас, і не толькі да святароў, але і ўсіх ахрышчаных, пакліканых да сведчання аб Евангеллі Хрыста ў розным асяроддзі. І для нас гэтая місія з’яўляецца сапраўднай настолькі, наколькі мы выходзім ад нязменнага цэнтра, якім ёсць Езус. Гэта не ініцыятыва асобных вернікаў ці нават вялікіх груп або асацыяцый, але місія Касцёла, непарыўна звязанага з сваім Панам. Ні адзін хрысціянін не абвяшчае Евангелле “сам па сабе”, але толькі будучы пасланым Касцёлам, упаўнаважаным самім Хрыстом. Менавіта хрост робіць нас місіянерамі.

“[Ахрышчаны чалавек, які не адчувае неабходнасці абвяшчаць Евангелле, пропаведзі Езуса, не з’яўляецца добрым хрысціянінам.]”

Другой асаблівасцю з’яўляецца місіянерскі стыль, так бы мовіць, аблічча, якое палягае на беднасці сродкаў. Амуніцыя місіянера адпавядае крытэрыю стрыманасці. Пан загадаў Дванаццаці “не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе” (Мк 3, 8). Настаўнік хоча, каб яны былі свабоднымі і ўлегцы, без падтрымкі і без уплываў, упэўненыя толькі ў любові Таго, хто іх пасылае, моцныя выключна Яго словам, якое ідуць абвяшчаць. Кій і сандалі з’яўляюцца экіпіроўкай пілігрымаў, таму што такімі з’яўляюцца пасланнікі Валадарства Божага; не ўсемагутнымі менеджэрамі, не нязменнымі чыноўнікамі, не зоркамі ў турнэ.

Варта падумаць, напрыклад, аб гэтай дыяцэзіі, біскупам якой я з’яўляюся. Узгадаем некаторых святых Рымскай дыяцэзіі: св. Філіпа Нэры, св. Бэнэдыкта Лабр, св. Аляксея, бл. Луізу Альбертоні, св. Францішку Рымскую, св. Гаспара дэль Буфала і многіх іншых. Яны былі не функцыянерамі або бізнесменамі, але сціплымі супрацоўнікамі Валадарства Божага. У іх было гэта аблічча.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

І гэтага “аблічча” таксама тычыцца таго, якім чынам прымаецца пасланне: можа здарыцца і так, што яно не будзе прынята, і не будзе пачута (Мк 3, 11). Гэта таксама з’яўляецца беднасцю: досвед пройгрышу. Гісторыя Езуса, адкінутага і ўкрыжаванага, сведчыць пра лёс Яго пасланца. І толькі тады, калі мы злучаны з Ім, памерлым і ўваскрослым, можам знайсці мужнасць для прапаведавання.

Няхай Дзева Марыя, першы вучань і місіянер Слова Божага, дапаможа нам несці свету пасланне Евангелля з пакорнай і светлай радасцю, нягледзячы на любога роду адчужэнне, неразуменне і прыгнёт”, - пажадаў Святы Айцец.

На заканчэнне сваёй нядзельнай сустрэчы з вернікамі, Францішак папрасіў усіх аб малітве за сябе.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 ліпеня 2018, 15:06