Пошук

Завяршэнне экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе ў Бары Завяршэнне экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе ў Бары 

Святы Айцец: няма альтернатывы міру на Блізкім Усходзе

“Няхай Блізкі Усход больш не будзе шляхам вайны паміж кантынентамі, але шляхам міру, гасціннага ў адносінах да народаў і веравызнанняў”, – пажадаў Святы Айцец.

Па выніках прыватнага дыялогу з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў, які адбыўся апоўдні 7 ліпеня 2018 г. у базыліцы св. Мікалая ў Бары, Францішак пераканаўча сцвердзіў, што ўначы “Блізкага Усходу ў агоніі” мір можа быць дасягнуты “сапраўднай гатоўнасцю да выслухоўвання і дыялогу”, а не “перамір’ямі, забяспечанымі мурамі”, ці “выпрабаваннямі сілай”.

Паводле Святога Айца, не існуе альтернатывы міру ў гэтым рэгіёне. Выказваючы пажаданне, каб “культура сустрэчы пераважала над стратэгіямі сутычак”, Францішак настойліва запрасіў ператвараць “крыкі вайны ў мірныя спевы”.

“[Для гэтага важна, каб тыя, хто надзелены ўладай, нарэшце прысвяцілі сябе сапраўднаму служэнню на карысць міру, а не ўласных інтарэсаў. Хопіць выгады нямногіх за кошт многіх іншых! Хопіць захопаў тэрыторыі, якія мучаць народы! Хопіць пераважання праўды асобных над надзеяй народа! Хопіць выкарыстоўваць Блізкі Усход у мэтах заробку!]”

– заклікаў Папа.

Ад “язвы” вайны пакутуюць, у першую чаргу, бедныя людзі, працягнуў ён, нагадаўшы “скатаваную Сірыю”. Па словах Францішка, “вайна – дачка ўлады і беднасці. Яна перамагаецца праз адмаўленне ад логікі панавання і выкараненне галечы”.

Нельга казаць пра мір, употайкі працягваючы нястрымную гонку ўзбраенняў. Гэта вельмі вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на сумленне нацый, асабліва найбольш магутных, перасцярог Святы Айцец.

“[Не будзем забываць мінулае стагоддзе, будзем памятаць урокі Хірасімы і Нагасакі, не дазволім землям Усходу ператварыцца ў цёмныя прасторы цішыні,]”

– пажадаў Святы Айцец. Сярод абавязковых умоў, патрэбных для гэтага, ён назваў абавязак бараніць правы рэлігійных меншасцяў і прызнаваць статус-кво Ерузаліма.

На Блізкім Усходзе надзея мае дзіцячае аблічча, выказаў перакананне Папа.

“[Вочы празмерна вялікай колькасці дзяцей большую частку свайго жыцця бачылі кучы абломкаў замест школ, чулі глухое грамыханне бомбаў замест вясёлай гаманы падчас гульняў. Чалавецтва, пачуй, – прашу цябе, – крык дзяцей, чые вусны абвяшчаюць Божую радасць. Высушыўшы іх слёзы, свет верне сваю годнасць,]”

– завяршыў сваю прамову Папа.

У другой палове дня Святы Айцец развітаўся з удзельнікамі экуменічнай малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі міру на Блізкім Уходзе і каля 16.00 вылецеў назад у Ватыкан.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 ліпеня 2018, 15:41