Cerca

Vatican News
Базыліка св. Мікалая ў Бары Базыліка св. Мікалая ў Бары 

Папа ўзначаліць экуменічную малітву на набярэжнай Бары

7 чэрвеня 2018 г. у Ватыкане апублікавалі афіцыйную праграму візіту Папы ў італьянскі Бары на малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе.

Адмысловы Дзень малітвы і разважання будзе насіць экуменічны характар. Для ўдзелу ў ім Францішак запрасіў Патрыярхаў Цэркваў блізкаўсходняга рэгіёна.

Малітоўная сустрэча адбудзецца ў базыліцы св. Мікалая. Дакладны склад удзельнікаў у апублікаванай праграме не паведамляецца.

Пантыфік пакіне Ватыкан 7 ліпеня 2018 г. у 7.00 і вылеціць на верталёце ў Бары. Праз гадзіну там яго сустрэнуць касцёльныя і палітычныя ўлады горада і рэгіёна. Пасля афіцыйнага прывітання, Францішак адправіцца ў базыліку св. Мікалая. Перад храмам яго будуць чакаць Патрыярхі – менавіта так у праграме названы запрошаныя Папам асобы. Прывітаўшы асобна кожнага, Святы Айцец адправіцца з імі ў крыпту базылікі для ўшанавання рэліквій св. Мікалая. Там будзе запалены “зніч адзінства”.

З базылікі Папа і Патрыярхі на аўтобусе адправяцца на набярэжную Бары, дзе пройдзе малітоўная сустрэча. Там яны ўзнясуць супольную малітву за мір на Блізкім Усходзе.

Затым Пантыфік і іерархі вернуцца ў базыліку св. Мікалая, дзе за зачыненымі дзвярыма паміж імі адбудзецца дыялог.

На 13.30 у Арцыбіскупскім палацы запланаваны супольны абед, пасля якога Францішак развітаецца з Патрыярхамі і адправіцца назад у Ватыкан. Тут яго будуць чакаць у 17.15.

Бары знаходзіцца ў паўднёвай-усходняй частцы Апенінскага паўвострава. Горад вядомы сваёй экуменічнай спецыфікай, дзякуючы размешчаным тут базыліцы св. Мікалая, дзе захоўваюцца рэліквіі гэтага святога, які ўшаноўваецца як католікамі, так і праваслаўнымі, і Тэалагічнаму факультэту, які ў 2016 г. уручыў экуменічную прэмію Патрыярху Канстантынопальскаму Барталамею І, а ў 2017 г. надаў тытул ганаровага доктара Мітрапаліту Іларыёну, старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 чэрвеня 2018, 13:17