Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: жыццё чалавека святое і патрабуе абароны

Трэба бараніць ненароджаных, бо на коне стаіць годнасць чалавечага жыцця, якое заўсёды святое, перакананы Папа.

25 чэрвеня 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў трохдзённай Генеральнай асамблеі Папскай акадэміі жыцця, якая праходзіць ў ватыканскай Зале Паўла VI. У прамове ён заўважыў, што святым з’яўляецца жыццё не толькі ненароджаных дзяцей, але таксама жыццё бедных, якія ўжо нарадзіліся і змагаюцца з галечай, выключэннем і адчужанасцю.

“Існуе жыццё зачатае, жыццё ў прэнатальнай фазе, жыццё, якое прыйшло на свет, жыццё дзіцяці, жыццё маладое, жыццё дарослае, жыццё пажылое і споўненае, а таксама вечнае жыццё. Існуе жыццё сям’і і супольнасці, жыццё, якое з’яўляецца выклікам і надзеяй. Але ёсць таксама кволае і хворае жыццё, параненае, пакрыўджанае, зняважанае, выкінутае на ўзбочыну і адчужанае. Гэта заўсёды чалавечае жыццё”, - заўважыў Пантыфік.

Прадстаўляючы шырокую перспектыву праблематыкі чалавечага жыцця, Францішак звярнуў увагу на пагрозы, якія стаяць перад ім.

“Калі асуджаем дзяцей на жыццё ва ўмовах галечы, бедных на голад, пераследаваных на вайну, пажылых на пакінутасць, ці не робім мы самі брудную справу смерці?”

- спытаў ён.

Паводле Папы, крыніцай гэтай “бруднай справы смерці” з’яўляецца грэх. “Зло імкнецца пераканаць нас, што смерць – гэта канец усяго, што мы з’явіліся на свет выпадкова і прызначаны закончыць у пустаце. Выключаючы іншага чалавека з нашага далягляду, наша жыццё засяроджваецца на самім сабе і становіцца спажывецкім таварам. Нарцыс, постаць са старажытнай міфалогіі, які любіць самога сабе і не звяртае ўвагу на іншых – наіўны, і не ўсведамляе гэтага. Але ён распаўсюджвае духоўны вірус, які з’яўляецца даволі заразным і робіць нас людзьмі-люстэркамі, што бачаць толькі саміх сябе і нічога больш”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў членаў Папскай акадэміі навук да развіцця глабальнай біяэтыкі, заснаванай на неад’емнай годнасці чалавека, якая павінна чэрпаць натхненне з хрысціянства, а таксама браць пад увагу цэласную экалогію, аб якой ідзе гаворка ў энцыкліцы “Laudato si’”.

Спасылаючыся на гэты дакумент, Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на чалавечае цела, якое “ставіць нас у непасрэдныя адносіны з атачэннем і іншымі жывымі істотамі”.

“Прыняцце ўласнага цела як дару Бога неабходна для прыняцця ўсяго свету як дару Айца і супольнага дому, але логіка панавання над уласным целам перамяняецца часам у далікатную логіку панавання над стварэннем. Панаванне над уласным целам і прыняцце яго дзеля клопату аб ім і шанаванне яго значэння з’яўляецца асноўным элементам сапраўднай чалавечай экалогіі. Таксама ацэньванне ўлас нага цела ў яго жаноцкасці і мужнасці неабходна для распазнання сябе ў сустрэчы з іншымі, адрознымі ад сябе”, - працытаваў ён словы сваёй “экалагічнай” энцыклікі.

Гаворачы аб розных аспектах жыцця Францішак заклікаў да сур’ёзнай рэфлексіі над канчатковым лёсам чалавека. На яго думку, трэба больш выразна ўказваць на тое, што скіроўвае жыццё чалавека да гарызонту, які яго пераўзыходзіць. Гэта вярне годнасць і таямнічасць яго самым глыбокім і самым святым пачуццям, перакананы Папа.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
25 чэрвеня 2018, 15:11