Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік: выкарыстанне энергіі не павінна знішчыць цывілізацыю

“Цывілізацыя патрабуе энергіі, але выкарыстанне энергіі не павінна знішчыць цывілізацыю”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з кіраўніцтвам буйнейшых энергетычных кампаній свету.

9 чэрвеня 2018 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў двухдзённай міжнароднай канферэнцыі пад назвай “Энергетычны паварот і клопат аб нашым супольным доме”, якая адбылася ў сядзібе Папскай акадэміі навук. У ёй бралі ўдзел высокія прадстаўнікі “ExxonMobil”, “Eni”, “British Petroleum”, “Royal Dutch” “Shell”, “Equinor” і “Pemex” і іншых энергетычных кампаній.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік заўважыў, што вялікі рух інфармацыі, людзей і рэчаў, які характарызуе наш час, “патрабуе велізарнай энергіі, больш чым у любую з мінулых эпохаў”. Пры гэтым, больш за мільярд людзей на планеце дагэтуль не маюць доступу да электрычнасці, з жалем заўважыў ён.

Паводле Папы, неабходна забяспечыць вялікую колькасць энергіі, патрэбнай усім, але выкарыстоўваючы рэсурсы такім чынам, каб не выклікаць экалагічную нераўнавагу, якая справакуе працэс заняпаду і забруджання, ад якога усё чалавецтва цяпер і ў будучыні застанецца цяжка параненым.

“Патрэба ў тым, каб мець у распараджэнні ўзрастаючую колькасць энергіі для функцыянавання машын, не можа быць задаволена коштам атручвання паветра, якім мы дыхаем. Патрэба ў заняцці месца для чалавечай дзейнасці не можа быць задаволена ставячы пад сур’ёзную пагрозу наш і іншыя віды жывых істотаў на Зямлі”, - сказаў Папа.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з кіраўнікамі энергетычных кампаній

Паводле Францішка, неабходна “глабальная доўгатэрміновая стратэгія”, якая даць энергетычную бяспеку, але не ствараючы пагрозаў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. Трэба даць энергію тым, хто яе не мае, “але ў той жа час, было б добра, каб яна была чыстай”, пажадаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што нягледзячы на дамову аб барацьбе з глабальным пацяпленнем, якая была заключана ў 2015 г. на Парыжскім кліматычным саміце, выкіды двухвокісу вугляроду і канцэнтрацыя парніковых газаў у атмасферы застаюцца вельмі высокімі. У той жа час, працягваецца асваенне новых крыніцаў выкаўпнёвага паліва, хоць парыжскае пагадненне “ясна рэкамендавала пакінуць у зямлі большую частку гаручых карысных выкапняў”

Святы Айцец станоўча ацаніў імкненне нафта- і газаздабываючых кампаній пераглядзець уласныя планы і інвестыцыйныя стратэгіі з улікам праблем навакольнага асяроддзя. “Але ці дастаткова гэтага?”, - спытаўся ён і дадаў, што з кожным месяцам патрэба ў энергетычным павароце становіцца ўсё больш тэрміновай.

Францішак нагадаў, што асноўны цяжар экалагічных праблем кладзецца на плечы самых бедных людзей, многія з якіх вымушаны пакідаць свае родныя землі. Таму пераход да даступнай і чыстай энергіі “гэта адказнасць, якую маем перад мільёнамі нашых братоў і сясцёр ў свеце, перад беднымі краінамі і пакаленнямі, якія прыйдуць пасля нас”, заўважыў ён.

“Заклікаю вас быць ядром групы лідэраў, якая ўяўляе глабальны энергетычны пераход бяручы пад увагу ўсе народы Зямлі, будучыя пакаленні, усе віды і экасістэмы”, - сказаў Францішак прадстаўнікам буйнейшых энергетычных кампаній свету, які прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 чэрвеня 2018, 12:58