Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Папа: прыняць Божыя запаведзі як сыны, а не як нявольнікі

Прыняць Божыя запаведзі як сыны, а не як нявольнікі, заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны Божым запаведзям, Францішак заўважыў, што ў Бібліі яны называюцца проста “словамі”, якія Бог скіраваў да свайго народу. Адсюль паходзіць тэрмін “Дэкалог”, які даслоўна азначае “Дзесяць слоў”.

“Якая розніца існуе паміж загадам і словам? Загад – гэта камунікацыя, якая не патрабуе дыялогу. Слова, аднак, з’яўляецца важным сродкам для такіх адносін, як дыялог. Бог Айцец стварае праз сваё слова, а Яго Сын з’яўляецца Словам, якое сталася целам. Любоў жывіцца словамі, падобна як выхаванне і супрацоўніцтва. Дзве асобы, якія не любяць адзін аднаго, не здольныя камунікаваць. Калі нехта прамаўляе да нашага сэрца, знікае наша самота”, - сказаў Папа і дадаў, што пра свае дзесяць запаведзяў Бог пачынае камунікацыю з чалавекам і чакае ад яго адказу.

Францішак заўважыў, што атрымліваць загады – гэта адно, а разумець, што нехта намагаецца камунікаваць з намі, – зусім іншае. Божыя прыказанні – гэта менавіта дыялог Бога з чалавекам, а д’ябал на самым пачатку гісторыі імкнуўся пераканаць мужчыну і жанчыну ў адваротным, кажучы, што Бог забараніў ім есць плады з дрэва дабра і зла, каб трымаць іх у падпарадкаванні.

“Выклік заключаецца ў гэтым: першае прадпісанне, якое Бог даў чалавеку, – гэта наказ дэспата, які забараняе і прымушае, ці праява клопату бацькі, які турбуецца пра сваіх дзяцей і бароніць іх ад самазнішчэння? Гэта слова ці загад? Самая трагічная з розных няпраўдаў, якія змей сказаў Еве, – гэта ўнушэнне пра зайздроснага Бога. Маўляў: “Бог зайздросціць вам. Ён раўнівы. Бог не жадае, каб вы былі свабоднымі”. Факты драматычным чынам пацвярджаюць, што змей падмануў, прымусіў верыць у тое, што слова любові з’яўляецца загадам”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што чалавек заўсёды стаіць перад дылемай: Бог мне навязвае штосьці ці клапоціцца пра мяне? Яго прыказанні – гэта толькі закон ці слова Айца, які жадае абараніць ад зла?

“Гэтая барацьба, унутры і звонку нас, адбываецца пастаянна: тысячы разоў мы павінны выбіраць паміж нявольніцкай ментальнасцю і сыноўскай”

- дадаў ён.

“Святы Дух – гэта Дух сыноў, гэта Дух Езуса. Дух нявольнікаў можа ўспрымаць закон толькі прыгнятальным чынам і можа прывесці да двух супрацьлеглых вынікаў: або да жыцця, якое складаецца з абавязкаў і прымусу, або да гвалтоўнай рэакцыі адмаўлення. Усё хрысціянства – гэта пераход ад літары Закону да Духа, які дае жыццё. Езус – гэта слова Айца, а не прысуд Айца. Езус прыйшоў, каб збавіць праз сваё слова, а не асудзіць нас”, - сцвердзіў Пантыфік.

Робячы падсумаванне, Святы Айцец заўважыў, што па чалавеку адразу бачна, калі ён здзейсніў пераход ад літары Закону да Духа. Бачна, ці ён думае як сын, ці як нявольнік. “Запаведзі – гэта шлях да свабоды, бо яны з’яўляюцца словам Айца, які робіць нас свабоднымі на гэтым шляху. Свет не патрабуе легалізму, але клопату. Ён мае патрэбу ў хрысціянах з сэрцамі сыноў”, - падкрэсліў Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.

Рэпартаж аб агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё

 

20 чэрвеня 2018, 11:41