Бэта версія

Cerca

Vatican News
У Жэневе ўсё падрыхтавана да візіту Святога Айца У Жэневе ўсё падрыхтавана да візіту Святога Айца  (ANSA)

Францішак пачаў экуменічны візіт у Жэневу

Папа пачаў аднадзённае Апостальскае падарожжа ў Жэневу, прымеркаванае да 70-годдзя Сусветнай Рады Цэркваў.

21 чэрвеня 2018 г. у 8.30 па сярэднееўрапейскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта “Fiumicino”. Яго прыбыццё ў Жэневу запланавана на 10.10. Адразу пасля кароткай прывітальнай цырымоніі ў зале аэрапорта адбудзецца сустрэча Святога Айца з Прэзідэнтам Швейцарыі.

У 11.15 прадугледжана экуменічная малітва ў Цэнтры Сусветнай Рады Цэркваў з казаннем Святога Айца. Затым адбудзецца ўрачысты абед у Экуменічным інстытуце ў Босэ. У 15.45 у Цэнтры Сусветнай Рады Цэркваў пройдзе экуменічная сустрэча, падчас якой Францішак выступіць з прамовай. У 17.30 ён ўзначаліць св. Імшу ў Палацы кангрэсаў і выстаў “Palexpo”, у якой прыме ўдзел мясцовая каталіцкая супольнасць.

Каля 20.00, пасля афіцыйнага развітання, Пантыфік на самалёце вылеціць у Рым. Прыбыццё ў аэрапорт у “Ciampino” запланавана на 21.40.

Прывітанне Папы ў аэрапорце Жэневы

Гаворка ідзе пра 23-е замежнае падарожжа Францішка. Ён стане трэцім Папам, які наведае Сусветную Раду Цэркваў. Раней у Жэневе былі Павел VI – у 1969 г., і св. Ян Павел II – у 1984 г.

Сусветная Рада Цэркваў – найбуйнейшая міжнародная экуменічная арганізацыя, заснаваная ў 1948 у Амстэрдаме. Яна ўключае каля 400 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў з больш чым 100 краін, якія прадстаўляюць каля 400 мільёнаў вернікаў.

Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у склад Сусветнай Рады, але больш за 30 гадоў супрацоўнічае з ёй, накіроўваючы назіральнікаў на ўсе буйныя форумы, а таксама на пасяджэнні цэнтральнага камітэту і рабочых груп.

У Цэнтры Сусветнай Рады Цэркваў чакаюць Святога Айца
21 чэрвеня 2018, 09:13