Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Папа падчас сустрэчы з беднымі ў Ватыкане Папа падчас сустрэчы з беднымі ў Ватыкане 

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень бедных

Бедныя нас евангелізуюць, дапамагаючы штодня адкрываць прыгажосць Евангелля, заўважыў Папа ў пасланні на Сусветны дзень бедных, якое было прадстаўлена 14 чэрвеня 2018 г. у Ватыкане.

Дзень малітвы і ініцыятыў на карысць тых, хто жыве ў нястачы, будзе адзначацца ў гэтым годзе 18 лістапада. Спасылаючыся на яго тэму – “Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў” (Пс 34,7), – Папа зазначыў, што Бог выслухоўвае ўсіх, хто пакутуе ад беднасці, пазбаўлены годнасці, пераследуецца ў імя фальшывай справядлівасці, прыгнятаецца палітыкай, нягоднай гэтага імені, усіх, хто запалоханы насіллем. Ніхто не можа адчуваць сябе выключаным з Божай любові, дадаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што вокліч бедных выражае іх пакуты і самоту, расчараванне і надзею.

“Мы можам спытаць сябе: чаму гэты вокліч, які ўзносіцца аж да Бога, не дасягае нашых вушэй і пакідае нас абыякавымі і безудзельнымі? У такі Дзень як гэты, мы пакліканы да сур’ёзнага рахунку сумлення, каб зразумець, ці сапраўды здольныя слухаць бедных”

- напісаў ён.

Паводле Францішка, каб пачуць голас патрабуючых, трэба суцішыцца. “Калі кажам шмат – не здолеем выслухаць іх. Часта я баюся, што многія ініцыятывы, хоць і з’яўляюцца годнымі і неабходнымі, больш скіраваны на тое, каб падабацца самім сабе, чым на тое, каб па-сапраўднаму слухаць бедных”, - з жалем прызнаў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб Сусветны дзень бедных мог стаць “маленькім адказам” Касцёла ўсім патрабуючым, “каб не думалі, што іх вокліч улятае ў пустату”. “Магчыма гэта будзе толькі кропля ў пустыні беднасці, але можа стаць знакам дзялення з імі, каб адчулі дзейсную прысутнасць брата і сястры”, - заахвоціў Папа і заклікаў вернікаў не абмяжоўвацца толькі аказаннем падтрымкі, але дарыць бедным людзям увагу, поўную любові.

Святы Айцец заўважыў, што беднасць была створана эгаізмам, пыхай, сквапнасцю і несправядлівасцю – грахамі, старажытнымі як сам чалавек, якія закранаюць мноства нявінных людзей, прыносячы драматычныя сацыяльныя наступствы. Неабходна, каб Бог умяшаўся і збавіў людзей з гэтага прыгнёту, а для гэтага патрэбна дапамога веруючых людзей.

“Божае збаўленне набывае форму рукі, працягнутай беднаму, якая прапануе гасціннасць, бароніць і дазваляе адчуваць сяброўства, у якім ён мае патрэбу. Ад гэтай канкрэтнай і датыкальнай блізкасці пачынаецца сапраўдны шлях вызвалення: “Кожны хрысціянін і кожная супольнасць пакліканы быць Божымі прыладамі вызвалення і падтрымкі бедных дзеля поўнай сацыяльнай інтэграцыі; а значыць быць уважлівымі да крыку беднага і гатовымі яго падтрымаць”, - зазначыў ён.

Францішак узгадаў пра існаванне пэўнай “фобіі” перад беднымі, якія лічацца носьбітамі “небяспекі, нестабільнасці, дызарыентавання ад штодзённых звычак, і таму вартымі таго, каб іх адчужаць і трымаць на адлегласці”.

“Узнікаюць спробы стварыць дыстанцыю паміж сабой і імі, не ўсведамляючы, што такім чынам ствараецца дыстанцыя з Панам Езусам, Які іх не адштурхоўвае, але кліча да сябе і суцяшае”

- перакананы Папа.

На думку Святога Айца, каб пераадолець прыгнятаючы стан нястачы, неабходна, каб бедныя адчулі прысутнасць братоў і сясцёр, якія клапоцяцца пра іх. У сувязі з гэтым Папа заклікаў да канкрэтных жэстаў салідарнасці з беднымі, якімі можа стаць супольная малітва і пасілак пасля нядзельнай св. Імшы, як было ў першых хрысціян.

Акрамя таго ён заклікаў касцёльныя супольнасці да супрацоўніцтва з рознымі дабрачыннымі арганізацыямі, у тым ліку тымі, якія кіруюцца не верай, а чалавечай салідарнасцю, каб здолець аказаць падтрымку тым, каму немагчыма зрабіць гэтага самастойна. “Прызнанне таго, што ў бясконцым свеце беднасці, нашы сілы абмежаваныя, слабыя і недастатковыя, прывядзе да таго, што працягнем руку іншым, бо ўзаемнае супрацоўніцтва дазволіць яшчэ эфектыўней дасягнуць мэты”, - дадаў ён.

Францішак заклікаў памятаць, што калі знаходзім спосаб для набліжэння да бедных, гэта заслуга Бога, “Які расчыніў нашыя вочы і наша сэрца на навяртанне”.

“Не геройства патрабуюць бедныя, а любові, якая здольная хавацца і забываць пра зробленае дабро. Сапраўдныя галоўныя дзеючыя асобы – гэта Пан і бедныя. Хто пачынае служыць, той становіцца прыладай у руках Бога, каб заззяла Яго прысутнасць і Яго збаўленне”

- падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў адносіцца да бедных без “пачуцця пагарды ці піетызму”, але “ўшаноўваючы іх”, “даючы ім перавагу”, бо яны з’яўляюцца “рэальнай прысутнасцю Хрыста сярод нас”. Паводле яго слоў, часта менавіта бедныя “выклікаюць крызіс нашай абыякавасці”. “Бедныя нас евангелізуюць, дапамагаючы штодня адкрываць прыгажосць Евангелля”, - дадаў ён.

На заканчэнне паслання, Пантыфік заклікаў усіх, адчуць сябе “даўжнікамі” бедных, бо калі “працягваем рукі адзін да аднаго, адбываецца збаўчая сустрэча, якая падтрымлівае веру, робіць дзейснай любоў і запальвае надзею, каб з упэўненасцю працягваць крочыць па шляху да Пана, Які прыходзіць”.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у 2016 г. Папа пажадаў, каб ён адзначаўся у кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 чэрвеня 2018, 15:45