Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Regina Coeli" Папа падчас малітвы "Regina Coeli"  (ANSA)

Папа падчас “Regina Coeli”: любоў – яна канкрэтная

Да “канкрэтызацыі” хрысціянскай любові, заклікаў Францішак 6 мая 2018 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Regina Coeli”. Гаворка павінна ісці пра вельмі ясныя жэсты: абарону пажылых, аказанне дапамогі хворым, прыняцце ненароджаных дзяцей – абарону і любоў да чалавечага жыцця ад зачацця да яго натуральнага завяршэння, патлумачыў Папа.

“У цяперашні Велікодны перыяд Божае слова па-ранейшаму паказвае нам прыклады паслядоўнага стылю жыцця, для таго, каб мы былі супольнасцю Уваскрослага Пана, - звярнуў увагу Папа. - Сярод іх, заклік Езуса ў сённяшнім Евангеллі: “Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян 15, 9). Знаходжанне ў рэчышчы Божай любові, пастаяннае прабыванне у ёй, з’яўляецца ўмовай для таго, каб наша любоў не згубіла па дарозе свайго запалу і адвагі. Мы таксама, як Езус, і ў Ім, павінны прыняць з падзякай любоў, якая зыходзіць ад Айца, і заставацца ў гэтай любові, стараючыся не адыходзіць ад яе праз эгаізм і грэх. Гэта вельмі патрабавальная праграма, але не немагчымая.

“ Важна, перш за ўсё, зразумець, што любоў Хрыста – гэта не павярхоўнае пачуццё, але фундаментальнае стаўленне сэрца, якое праяўляецца ў жыцці так, як Ён гэтага хоча. ”

Езус кажа: “Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові” (Ян 15, 10). Любоў рэалізуецца ў паўсядзённым жыцці, у адносінах, у дзейнасці. У адваротным выпадку, гэта проста нешта ілюзорнае, усяго толькі словы, словы, словы ... – гэта не любоў. Любоў – яна канкрэтная. Езус патрабуе ад нас выконваць Яго запаведзі, якія сумуюцца ў гэтых словах: “Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12).

Як зрабіць так, каб тая любоў, якую дае нам Уваскрослы Пан, магла стаць удзелам іншых? Езус неаднаразова паказваў, хто ёсць тым іншым, каго трэба любіць, і не на словах, а на справе. Гэта той, каго я сустракаю на сваім шляху, які са сваім абліччам і сваёй гісторыя з’яўляецца для мяне выклікам. Гэта той, хто сваёй прысутнасцю стымулюе мяне выходзіць з маіх інтарэсаў і бяспекі. Гэта той, хто чакае маёй гатоўнасці слухаць і прайсці частку дарогі разам. Адкрытасць адносна кожнага брата і сястры, незалежна ад таго, хто ён, і ў любой сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, пачынаючы з тых, хто побач са мной у сям’і, у грамадстве, на працы, у школе... Такім чынам, калі я аб’яднаны з Езусам, Яго любоў можа дайсці да іншага і прыцягнуць яго да сябе, да сяброўства з Ім.

“ І гэтая любоў да іншых не можа быць абмежавана да выключных момантаў; яна павінна стаць неад’емнай часткай нашага жыцця. ”

Менавіта таму мы закліканы абараняць пажылых людзей, як каштоўны скарб і з любоўю, нават калі ствараюць эканамічныя праблемы і цяжкасці. Менавіта таму мы павінны забяспечыць хворых, нават калі яны знаходзяцца на апошняй стадыі жыцця, усёй магчымай дапамогай. Вось чаму мы павінны заўсёды прымаць тых, хто павінен нарадзіцца. Вось чаму ў рэшце рэшт жыццё павінна заўсёды быць абаронена і адорана любоўю ад зачацця да натуральнай смерці – гэта любоў.

Бог нас любіць у Езусе Хрысце, Які патрабуе, каб мы любілі адзін аднаго так, як Ён любіць нас. Але мы не зможам гэтага зрабіць, калі не будзем мець яго сэрца ў сабе. Эўхарыстыя, у якой мы павінны браць удзел кожную нядзелю, мае на мэце сфарміраваць у нас сэрца Хрыстова, каб ўсё наша жыццё кіравалася Яго шчодрым стаўленнем. Няхай Дзева Марыя дапаможа нам трываць у любові Езуса і расці ў любові да ўсіх, асабліва найбольш уразлівых, каб у поўнай меры мы адпавядалі нашаму хрысціянскаму пакліканню”, - сказаў Францішак.

На завяршэнне сваёй нядзельнай сустрэчы з вернікамі, Пантыфік пажадаў рымлянам і пілігрымам добрай нядзелі і папрасіў аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 мая 2018, 10:14