Бэта версія

Cerca

Vatican News
Пантыфік падчас аднаго з пастырскіх візітаў Пантыфік падчас аднаго з пастырскіх візітаў  (AFP or licensors)

Пацверджана афіцыйная праграма папскага візіту на Сіцылію

15 верасня 2018 г. Францішак здзейсніць пастырскі візіт на Сіцылію, дзе наведае дыяцэзіі Палерма і Пьяца-Армерына.

Папа паедзе туды ў 25-ю гадавіну мучаніцкай смерці бл. Піна Пулізі, італьянскага святара, які працаваў на Сіцыліі і за сваю дзейнасць у 1993 г. быў забіты мафіяй. Была абнародавана афіцыйная праграма аднадзённага падарожжа.

У горад Пьяца-Армерына, размешчаны недалёка ад Катаніі, Пантыфік прыбудзе на верталёце. У 9.00 ён выступіць з прамовай перад жыхарамі, а затым адправіцца ў Палерма.

З аэрапорта, дзе прызямліцца верталёт, Святы Айцец адправіцца на Фора-Італіка, дзе ў 11.45 узначаліць Эўхарыстыю ў літургічны ўспамін бл. Піна Пулізі.

У сядзібе дабрачыннай “Місіі надзеі і любові” (Missione di Speranza e Carità), якую некалі заснаваў Пулізі, Пантыфік паабедае з яе падапечнымі, а таксама прадстаўнікамі зняволеных і мігрантаў. Затым ён адправіцца з прыватным візітам у парафію св. Каетана ў квартале Бранкача, пробашчам якой быў благаслаўлёны.

У 15.30 у мясцовай катэдры, дзе знаходзіцца магіла кс. Пулізі, Францішак сустрэнецца з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Каля 17.00 на мясцовай Пьяцца-Політэама ён сустрэнецца з моладдзю, пасля чаго адправіцца ў аэрапорт, адкуль вернецца ў Рым.

Дон Піна Пулізі аддана працаваў з моладдзю і сем’ямі кварталаў сіцылійскага Бранкача. Там і быў забіты мафіяй у 56-гадовым узросце за сваю евангелізацыйную дзейнасць. У 2012 г. быў прызнаны мучанікам, забітым з нянавісці да веры, а 25 мая 2013 г. беатыфікаваны. Францішак назваў яго “прыкладам да наследавання” ў барацьбе з мафіёзным менталітэтам.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 мая 2018, 15:10