Пошук

Францішак падчас сустрэчы з Мітрапалітам Чэшскіх зямель і Славакіі Расціславам Францішак падчас сустрэчы з Мітрапалітам Чэшскіх зямель і Славакіі Расціславам 

Францішак сустрэўся з Мітрапалітам Чэхіі і Славакіі

Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі, Мітрапаліта Расціслава. Сустрэча прайшла 11 мая 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. Гэта быў першы візіт праваслаўнага іерарха ў Ватыкан пасля абрання тры з паловай гады таму.

Вітаючы высокага госця, Папа нагадаў словы апостала Паўла, скіраваныя да рымскіх хрысціян: “Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню” (Рым 14,19). “Благаславім Бога за духоўныя сувязі, якія нас аб’ядноўваюць, а таксама падтрымліваюць у далейшым узаемным збудаванні і супольным пошуку міра, які з’яўлецца дарам Уваскрослага”, - сказаў ён.

У рамках сваёй пілігрымкі ў Рым Мітрапаліт сустрэўся са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, і ўзначаліў Боскую літургію ля магілы св. Кірыла ў рымскай базыліцы св. Клімента.

“Згодна з традыцыяй, менавіта святыя Кірыл і Мятод, якія паходзілі з Салонікаў, прывезлі папу Адрыяну ІІ рэліквіі св. Клемента – аднаго з першых Біскупаў Рыма, які памёр у выгнанні ў часы імператара Траяна. Учынак Кірыла і Мятода нагадвае аб тым, што мы, хрысціяне, разам атрымалі ў спадчыну, і чым пастаянна павінны дзяліцца: вялізарнай супольнай спадчынай святасці”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што гаворка ідзе не толькі пра мучанікаў далёкага мінулага, але таксама пра сучасных, у тым ліку ахвяр атэістычнага пераследу ў Чэхіі і Славакіі. 

“[Таксама і сёння пакуты шматлікіх братоў і сясцёр, якіх пераследуюць за Евангелле, з’яўляюцца тэрміновым заклікам да пошуку большай еднасці]”

- адзначыў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што святыя Кірыл і Мятод пераклалі евангельскае пасланне на мову, якая была зразумелай для славянскіх народаў Вялікамараўскай дзяржавы. У гэтым кантэсце ён адзначыў важнасць новай евангелізацыі.

“[Каб абвяшчаць Пана не дастаткова пацвярджаць схемы мінулага, але трэба слухаць Святога Духа, Які заўсёды натхняе да новых і адважных спосабаў евангелізацыі нашых сучаснікаў. Ён робіць гэта і сёння, таксама і ў традыцыйна хрысціянскіх краінах, часта пазначаных секулярызацыяй і абыякавасцю]”

- сцвердзіў Папа.

Францішак спаслаўся на словы Яна Паўла ІІ, які называў святых Кірыла і Мятода “сапраўднымі прадвеснікамі экуменізма”. “Яны нам нагадваюць, што еднасць не азначае аднастайнасці, але прымірэнне адметнасцяў у Святым Духу. Няхай сведчанне святых Кірыла і Мятода спадарожнічае нам на шляху да поўнай еднасці, натхняючы нас жыць гэтай разнастайнасцю ў адзінстве і ніколі не апускаць рукі на нашым шляху, прайсці які мы пакліканы па волі Пана і з радасцю”, - пажадаў Папа.

Святы Айцец выказаў удзячнасць за актыўны ўдзел Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі ў працы Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Ён выказаў пажаданне, каб гэта структура працягвала весці дыялог на тэму адносін паміж сінадальнасцю і першаснасцю ў першым тысячагоддзі.

Праваслаўная Царква ў былой Чэхаславакіі спасылаецца на традыцыю місіі святых братоў Кірыла і Мятода ў Маравіі ў IX ст., хоць пазней у Чэхіі на працягу многіх стагоддзяў яна не прысутнічала. У арганізацыйным плане, сфарміравалася пасля Першай сусветнай вайны, у 1918 г., калі была створана Чэхаславакія. Менавіта тады быў атрыманы аўтаномны статус пры Сербскім Патрыярхаце. Пасля Другой сусветнай вайны, калі Чэхаславакія была ў савецкай сферы ўплыву, мясцовая Праваслаўная Царква – нягледзячы на пратэсты Сербскай Царквы – перайшла пад юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхата, які ў 1951 г. прызнаў за ёй аўтакефалію. Толькі ў жніўні 1998 г. аўтакефалія была прызнана Канстантынопальскім Патрыярхатам.

Сёння Праваслаўная Царква Чэшскіх зямель і Славакіі налічвае каля 100 тыс. вернікаў, з якіх каля 70 тыс. пражываюць у Славакіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 мая 2018, 14:34