Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Пантыфік: секулярны лад жыцця пагражае ў тым ліку і Касцёлу

Адрозніваць дух гэтага свету ад духа Евангелля, - заклікаў Францішак 16 мая 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі. Ён падкрэсліў, што секулярны лад жыцця пагражае ўсім, у тым ліку Касцёлу.

У гаміліі Папа пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (15,18-21), у якім Езус кажа сваім вучням: “Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў”.

Святы Айцец заўважыў, што Збаўца часта казаў пра нянавісць свету да Яго і Яго паслядоўнікаў, маліўся да Айца, каб вучні былі захаваны ад духа гэтага свету.

“Чым жа ёсць дух гэтага свету?”, - спытаў Папа. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра “пра лад жыцця, пра культуру таго, што прамінае, што з’яўляецца, а потым знікае, культуру, якая не ведае вернасці, змяняецца ў залежнасці ад абставін, гандлюе ўсім”.

Пантыфік спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра сейбіта, у якой Езус папярэджвае, што клопаты гэтага свету заглушаюць Божае слова, не дазваляюць яму прарасці. Ён падкрэсліў, што секулярны лад жыцця пагражае ўсім, у тым ліку Касцёлу, і шмат хрысціян схільныя да яго.

Папа прыгадаў таксама прамову св. Паўла на арэапагу, калі жыхары Афін, пачуўшы пра крыж і ўваскрасенне, абурыліся і адышлі. “Дух гэтага свету не церпіць аднаго – ганьбы крыжа. Не ўспрымае яго. І адзіным лекам супраць секулярнага духа з’яўляецца Хрыстус, памерлы і ўваскрослы за нас. Для многіх гэта ганьба і глупства”, - звярнуў увагу Святы Айцец. Без веры ў Хрыста не магчыма перамагчы гэту спакусу, - дадаў ён.

“У гэтыя апошнія дні велікоднага перыяду будзем прасіць Святога Духа, каб адарыў нас ласкай распазнання таго, чым з’яўляецца секулярны дух, а чым Евангелле”, - завяршыў гамілію Францішак.
 

16 мая 2020, 11:10
Увесь кантэнт >