Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Францішак: існуюць духоўныя мафіі, якія падтрымліваюць цемру

Францішак заклікаў не баяцца святла Езуса. Місія вучняў заключаецца ў тым, каб несці гэта святло ў свет, ахінуты цемрай, - заўважыў ён 6 мая 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі.

У гаміліі Святы Айцец пракаментаваў фрагмент Евангелля св. Яна (12, 44-50), у якім Езус кажа: “Я прыйшоў на свет як святло, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, але свет збавіць”.

Францішак падкрэсліў, што місія Езуса – гэта асвячэнне: Ён – святло свету. Таксама роля апосталаў – несці яго ў свет. Драма святла Хрыстовага заключаецца ў тым, што яно было адкінута: “Прыйшло да свайго, і свае Яго не прынялі” (Ян 1, 11). Святло прымушае нас бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць, прымушае нас бачыць праўду, - адзначыў Папа. Ён нагадаў, што святы Павел перажыў гэты досвед пераходу ад цемры да святла пад сценамі Дамаска.

“Грэх асляпляе нас, і мы не можам знесці святла. Нашы вочы хворыя. (...) Навяртанне – гэта пераход ад цемры да святла. Але што робіць вочы веры хворымі і сляпымі? – заганы, дух гэтага свету і пыха”

, - сказаў Святы Айцец.

Яны прымушаюць нас атаясамліваць сябе з іншымі людзьмі ў зле. Поруч з крымінальнымі мафіямі існуюць мафіі духоўныя – людзі падтрымліваюць адзін аднаго, каб заставацца ў цемры, - дадаў Францішак.

“Нялёгка жыць у святле. Святло прымушае нас бачыць шмат дрэнных рэчаў, якіх мы бачыць не хочам: недахопы, грахі... Давайце падумаем пра свае памылкі, пра сваю пыху, пра свой мірскі дух: гэтыя рэчы нас асляпляюць, аддаляюць ад святла Езуса”

, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Езус “прыйшоў не судзіць свет, але свет збавіць” (Ян 12, 47).

“Гэта Пан ратуе нас ад цемры, якая пануе ўнутры нас, ад цемры штодзённага, грамадскага, палітычнага, нацыянальнага і міжнароднага жыцця. Але Ён просіць нас спачатку прызнаць яе, мець мужнасць убачыць нашу цемру, каб святло Пана магло ўвайсці і выратаваць нас. Не будзем баяцца Пана – Ён вельмі добры, пяшчотны, Ён побач з намі. Ён прыйшоў, каб збавіць нас. Не будзем баяцца святла Езуса”, - заклікаў Пантыфік, падсумоўваючы гамілію.

На завяршэнне літургіі Францішак правёў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўдзяліў Эўхарыстычнае благаслаўленне. Ён заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў трансляцыі, прыняць св. Камунію духоўным чынам.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (06.05.2020)
06 мая 2020, 12:17
Чытаць усё >