Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Папа: мы не зносім Божага святла, калі знаходзімся ў стане граху

Пра аб’яўленне любові Бога да чалавека на крыжы і неабходнасць успрымаць рэчаіснасць вачыма Бога, - казаў Францішак 22 красавіка 2020 г. падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Папа спаслаўся на сённяшняе Евангелле (Ян 3, 16-21), у якім Езус кажа Нікадэму: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго”. Ён адзначыў, што кожны раз, калі мы глядзім на крыж, знаходзім гэтую любоў, бо крыж – цудоўная кніга Божай любові.

“Колькі людзей, колькі хрысціян праводзяць шмат часу, гледзячы на распяцце... і яны знаходзяць у ім усё, паколькі зразумелі, Дух Святы дазволіў ім зразумець, што ў ім утрымліваюцца ўсе веды, уся любоў Бога, уся хрысціянская мудрасць”

, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак спаслаўся на думку св. Паўла, які тлумачыць, што ўсе развагі чалавека, карысныя толькі ў пэўнай ступені, сапраўдным і найпрыгажэйшым спосабам мыслення, тлумачэннем усяго з’яўляецца ўкрыжаваны Хрыстус.

Папа спаслаўся на словы: “А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі”. Ён заўважыў, што ёсць людзі, якія не могуць жыць у святле, бо прызвычаіліся да цемры. Святло іх асляпляе, гэта людзі-кажаны, могуць функцыянаваць толькі ўначы.

“Мы таксама не зносім святла, калі знаходзімся ў стане граху. Нам зручней жыць у цемры; святло раздражняе нас, прымушае бачыць тое, чаго мы не хочам бачыць. Але самае страшнае, што вочы душы, жывучы працяглы час у цемры, прывыкаюць настолькі, што ў канчатковым выніку не ўспрымаюць святла”

, - заўважыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што адной з прыкмет гэтага з’яўляецца шырокая карупцыі: “Карумпаваныя людзі не ведаюць, што такое святло”.

“Няхай Божая любоў, якая паслала Езуса дзеля нашага збаўлення, і святло, якое Ён прыносіць, святло Духа, увойдзе ў нас і дапаможа нам убачыць рэчы ў Божым святле, у сапраўдным святле, а не ў цемры, якую нясе ўладар цемры”, - пажадаў Францішак.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (22.04.2020)
22 красавіка 2020, 13:36
Чытаць усё >