Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Пантыфік: адвага і шчырасць – стыль хрысціянскага прапаведавання

Адвага – гэта дар Духа Святога, які робіць магчымым сапраўднае хрысціянскае прапаведаванне: мужнае, шчырае і паслядоўнае, - заўважыў Папа 18 красавіка 2020 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

У першай частцы гаміліі Святы Айцец пракаментаваў урывак з кнігі Дзеяў Апосталаў (Дз 4, 13-21), у якім апавядаецца пра тое, як старэйшыны і кніжнікі забаранялі Пятру і Яну навучаць у імя Езуса.

На думку Папы, сваімі паводзінамі апосталы даюць прыклад стылю, уласцівага сапраўдным хрысціянскім прапаведнікам, які вызначаецца адвагай і шчырасцю.

“Калі ты не маеш адвагі, калі для таго, каб патлумачыць сваю пазіцыю, ты плывеш па ідэалогіях і выпадковых тлумачэннях, табе не хапае гэтай шчырасці, гэтага хрысціянскага стылю, свабоды казаць, казаць усё”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Старэйшыны і кніжнікі былі загнаныя ў кут такой шчырасцю апосталаў, аднак замест прызнання за імі праўды, правадыры пачалі шукаць дыпламатычныя, кампрамісныя шляхі выйсця з сітуацыі, таму што іх сэрцы былі замкнёныя.

“Вось адна з трагедый: моц Духа Святога, якая выяўляецца ў гэтай шчырасці, у гэтай утрапёнасці прапаведавання, не можа ўвайсці ў сапсаваныя сэрцы. Таму будзем уважлівымі: грэшнікі – так, але сапсаваныя – ніколі”

, - заклікаў Францішак.

Ён дадаў, што адвага – гэта дар Духа Святога, і сапраўдны хрысціянін – адважны і “кажа ўсю праўду, дзякуючы сваёй паслядоўнасці”.

У працяг Святы Айцец звярнуўся да літургічнага чытання з Евангелля св. Марка (Мк 16, 9-15), у якім Езус высылае Адзінаццаць ісці і абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце. Папа адзначыў, што місія нараджаецца з адвагі – “дару Духа Святога, які робіць нас мужнымі, шчырымі ў абвяшчэнні Божага Слова”.

“Няхай Пан заўсёды дапамагае нам быць такімі – адважнымі. Гэта не значыць легкадумнымі: не, не. Адважнымі! Хрысціянская адвага заўсёды абачлівая, але мужная”, - завяршыў гамілію Францішак.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (18.04.2020)
18 красавіка 2020, 14:06
Чытаць усё >