Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі 

Францішак: у Багародзіцы бачым мацярынства Касцёла

Дзякаваць Панне Марыі за тое, што пагадзілася стаць Маці Езуса і нашай Маці, заклікаў Францішак падчас св. Імшы, якую 3 красавіка 2020 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на традыцыйны ўспамін Маці Божай Балеснай у пятніцу перад Пальмовай нядзеляй, якому спадарожнічае разважанне пра сем пакутаў Багародзіцы: ад прароцтва пра меч, які пройдзе праз Яе душу, да пахавання Езуса.

Святы Айцец нагадаў, што Панна Марыя ніколі нічога не прасіла для сябе, а толькі для іншых, як падчас вяселля ў Кане Галілейскай. Яна проста пагадзілася стаць Маці, суправаджаючы Езуса як вучаніца.

Францішак заўважыў, што на Кальварыі, напэўна былі людзі, якія спачувалі Ёй: “Няшчасная жанчына, як яна пакутуе…”. Але былі таксама і “злыя”, якія думалі: “Гэта ўсё яе віна, бо калі б яна добра выхоўвала свайго сына, ён бы не закончыў жыццё такім чынам”.

Пантыфік заклікаў ушаноўваць Багародзіцу як Маці, бо “Яна і ёсць Маці: гэта тытул, які яна атрымала ад Езуса”. Марыя прыняла дар быцця Маці Езуса, абавязак суправаджаць Яго як Маці і пагадзілася быць таксама і нашай Маці.

Панна Марыя не з’яўляецца адкупіцельніцай ці саадкупіцельніцай. “Адкупіцель – толькі Ён. Яна – толькі вучаніца і Маці. І менавіта як да Маці мы павінны звяртацца да Яе ў думках, шукаць Яе і маліцца да Яе”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што “у мацярынстве Багародзіцы мы бачым мацярынства Касцёла, які прымае ўсіх, добрых і злых”.

“Сёння нам будзе карысна спыніцца і крыху задумацца пра пакуты Багародзіцы, нашай Маці, як яна іх зносіла, мужна, са слязамі, якія не былі падробнымі. Яна мела сэрца, знішчанае болем. Нам будзе карысна спыніцца і сказаць Багародзіцы: “Дзякуй за тое, што пагадзілася стаць Маці, калі анёл спытаў у Цябе пра гэта. Дзякуй за тое, што пагадзілася стаць Маці, калі Езус спытаў у Цябе пра гэта”, - завяршыў гаміліі Францішак.
 

03 красавіка 2020, 10:59
Чытаць усё >