Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (ANSA)

Францішак: малітва адкрывае дзверы Духу Святому

Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 20 красавіка 2020 г. трансліравалі з капліцы Дома св. Марты, Папа адзначыў, што хрысціянін павінен не толькі выконваць запаведзі, але і даверыцца Духу Святому.

У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Яна (Ян 3, 1-8), у якім Езус кажа фарысею Нікадэму, які прыйшоў да Яго ўначы, што “калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства”. Пантыфік нагадаў, што госць Хрыста быў праведным неабыякавым фарысеем, які шукаў Бога. Ён разгубіўся ад слоў Збаўцы і не ведаў як інтэрпрэтаваць іх. Але Езус патлумачыў: “Дух вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся ад Духа”. Папа адзначыў, што гаворка ідзе пра паслухмянасць Духу Святому.

“Хрысціянін ніколі не можа спыніцца толькі на выкананні запаведзяў: яны павінны быць выкананы, але мы пакліканы ісці да новага нараджэння, якое з’яўляецца нараджэннем у Духу і дае нам свабоду Духа”

, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак таксама пракаментаваў урывак з Дзеяў Апосталаў, які змяшчаецца ў першым чытанні сённяшняй літургіі (Дз 4, 23-31). Пасля вызвалення Пятра і Яна, вучні Езуса моляцца разам, просячы магчымасці “з усёй адвагаю абвяшчаць слова Божае” перад цяжкасцямі і пагрозамі. Гэтая мужнасць з’яўляецца плёнам нараджэння з Духа Святога, - пракаментаваў Папа, падкрэсліваючы вызначальную ролю малітвы.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (20.04.2020)

“Малітва – гэта тое, што адкрывае дзверы Духу Святому і дае нам свабоду, шчырасць, мужнасць Духа Святога, Які прывядзе цябе туды, куды не чакаеш”, - адзначыў Святы Айцец.

“Няхай Пан дапаможа нам заўсёды быць адкрытымі для Духа, таму што Ён вядзе нас наперад у нашым жыцці служэння Богу”, - сказаў Францішак, завяршаючы гамілію.

20 красавіка 2020, 12:38
Чытаць усё >