Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (AFP or licensors)

Святы Айцец: не хавацца ад Бога, не ўтойваць праўды ад Яго

Ганарыстасць – атрутная. Яна заражае сэрца і ператварае яго ў камень, з’яўляецца тым месцам, дзе чалавек хаваецца ад поклічу Бога, - падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты.

10 сакавіка 2020 г., як і днём раней, па прычыне эпідэміі каронавіруса літургія ў ватыканскай рэзідэнцыі Пантыфіка праходзіла без удзелу вернікаў, але трансліравалася ў прамым эфіры Vatican News. Свае першыя думкі ён скіраваў да хворых, медыцынскіх работнікаў і святароў.

“Памолімся да Пана і за нашых святароў, каб яны мелі адвагу ісці да хворых, несучы ім сілу Божага слова і Эўхарыстыю, падтрымліваючы медыцынскіх работнікаў і валанцёраў у іх працы”, - сказаў Францішак.

Каментуючы літургічныя чытанні (Іс 1,10.16-20; Мц 23, 1-12), Пантыфік нагадаў, што “учора Божае слова вучыла нас распазнаваць нашыя грахі і вызнаваць іх не толькі розумам, але і сэрцам, з пачуццём сораму”, бо “сорам – самы шляхетны спосаб пакаяння перад Богам”.

“Сёння Пан заклікае ўсіх нас, грэшнікаў, да дыялогу з Ім, бо грэх закрывае нас у сабе, прымушае хавацца, утойваць нашу праўду. Гэта тое, што здарылася з Адамам і Евай: пасля грэхападзення яны схаваліся, бо саромеліся таго, што былі голыя. Таксама і грэшнік, адчуваючы сорам, мае спакусу схавацца”, - заўважыў Папа.

Бог кліча чалавека да размовы, прамаўляючы вуснамі прарока Ісаі: “Прыходзьце і рассудзім. Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег”. Пан здольны ўсё змяніць – ад чалавека патрабуецца толькі адвага, каб выйсці Яму насустрач са сваёй нікчэмнасцю, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў чалавека заўсёды існуе спакуса пазбягаць размовы з Богам, робячы выгляд, што ён не грэшнік. Гэта менавіта тое, чым Пан папракаў кніжнікаў і фарысеяў, якія на першае месца ставілі бачнае, хаваючы сваю сапраўдную душу за фасадам “ганарыстасці, якая ніколі не нясе аздараўлення”.

Ганарыстасць – атрутная, яна заражае сэрца і пераўтварае яго ў камень, падбухторвае не звяртацца да Пана, застаючыся на месцы. Ганарыстасць – гэта менавіта тое месца, дзе чалавек хаваецца ад поклічу Бога. Але Бог кліча як айцец, як брат: “Прыйдзіце і рассудзім. Урэшце рэшт Я здольны змяніць тваё жыццё з чырвонага на белае”, - звярнуў увагу Папа.

Завяршаючы гамілію, Францішак пажадаў вернікам, каб Божае слова ўмацоўвала іх, каб маліліся, адштурхоўваючыся ад сваёй рэчаіснасці, грахоў і пакут. Ён нагадаў, што заўсёды трэба размаўляць з Богам, памятаючы, што ганарыстасць спакушае хавацца ад Яго.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 сакавіка 2020, 14:04
Чытаць усё >