Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: Бог дзейнічае ў простых рэчах

Трэба прыняць прастату Бога і не абурацца ёй, - падкрэсліў Святы Айцец падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 16 сакавіка 2020 г. у капліцы сваёй рэзідэнцыі.

На пачатку літургіі Пантыфік запэўніў у малітве за хворых, а таксама за сем’і, закрытыя ў сваіх дамах па прычыне каранціну. “Няхай Пан дапаможа ім адкрыць новыя шляхі, новыя спосабы праяўлення любові, новыя спосабы суіснавання ў гэтай новай сітуацыі. Гэта цудоўная магчымасць, каб нанова знайсці сапраўдную любоў, злучаную з крэатыўнасцю. Будзем маліцца за сем’і, каб сямейныя адносіны ў гэты час заўсёды квітнелі на карысць дабра”, - сказаў ён.

Каментуючы літургічныя чытанні з Другой кнігі Валадарстваў (5, 1-15а) і Евангелля св. Лукі (4, 24-30), Пантыфік заўважыў, што абодва тэксты кажуць пра абурэнне.

Нааман, кіраўнік войска сірыйскага караля, хварэў на праказу. Ён, хоць і быў чалавекам добрым і адкрытым на веру, але абурыўся, калі прарок паслаў яго сем разоў абмыцца ў Ярдане, каб выбавіцца ад хваробы, бо думаў, што той пакліча імя Пана Бога свайго, дакранецца рукою да пракажонага месца і вылечыць яго.

Таксама абураліся і жыхары Назарэту. Ім падабалася слухаць Хрыста, але калі нехта заўважыў, што Ён сын Марыі і цесляра Юзафа, не захацелі прымаць Яго вучэння. Больш за тое, “выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго”.

У абодвух выпадках людзі абураліся, бо думалі, што Бог аб’яўляе сябе толькі ў надзвычайных рэчах і не можа дзейнічаць простым чынам. Яны пагарджалі прастатой. “Але Бог дае нам зразумець, што заўсёды дзейнічае ў прастаце: прастаце назарэцкага дома, прастаце штодзённай працы, прастаце малітвы... Простыя рэчы. Дух гэтага свету, наадварот, вядзе да ганарыстасці, да таго, каб быць навідавоку”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што абурэнне ўласціва пыхлівым людзям, якія маюць ілюзорнае ўяўленне пра ўласную веліч. Яны адчуваюць пастаянную патрэбу ў абурэнні, каб сцвярджацца як асобы.

“Таксама і з намі можа здарыцца тое, што тэолагі называюць “фарысейскім абурэннем”, абурэнне прастатой Бога, прастатой бедных, прастатой хрысціян, маўляў: “Гэта не Бог. Наш Бог больш культурны, больш мудры, больш важны. Бог не можа дзейнічаць праз такую прастату”, - папярэдзіў Папа.

На заканчэнне гаміліі Францішак падкрэсліў, што такая пагарда заўсёды прыводзіць да насілля, якое можа быць фізічным, а можа праяўляцца і ў распаўсюджванні плётак.
 

16 сакавіка 2020, 13:05
Чытаць усё >