Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 

Святы Айцец: глядзець на крыж у святле Адкуплення

Сузіраць, маліцца і дзякаваць, гледзячы на Укрыжаванага Хрыста, Які ўзяў на сябе нашы грахі, - заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 31 сакавіка 2020 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Кнігі Зыходу (Ліч 21,4-5), у якім апавядаецца пра нараканне выбранага народа на Бога і Майсея падчас пераходу праз пустыню, вынікам чаго стала нашэсце ядавітых змей.

Францішак заўважыў, што, паколькі змяя – гэта сімвал зла, ізраільцяне ўбачылі ў гэтым знаку свой грэх, і менавіта таму звярнуліся да Майсея з просьбай аб збаўленні: “Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў”. Пасля пакаяння народа і малітвы Майсея, Бог загадаў зрабіць змея і павесіць на жэрдзі, патлумачыўшы, што “кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць”.

Францішак заўважыў, што тут гаворка ідзе не пра ідалапаклонства з мэтай атрымання здароўя, а пра прароцтва. Ён прыгадаў радкі літургічнага чытання з Евангелля св. Яна (8, 21-30): “Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад сябе”. Як Майсей узняў змея, так быў узняты на крыжы Езус, каб прынесці людзям збаўленне.

“Сутнасцю прароцтва з’яўляецца тое, што Хрыстус стаў грахом за нас. Не зграшыў, а стаў грахом. Як кажа св. Пётр у сваім Пасланні: “У сваім целе ўзнёс грахі нашыя” (1П 2,24). Калі мы глядзім на распяцце, думаем пра Пана, Які пакутуе. Усё гэта правільна, але мы спыняемся, не дасягнуўшы сутнасці гэтай праўды: у тую хвіліну Ты, Пане, здаешся найбольшым грэшнікам, Ты стаў грахом”, - разважаў Францішак.

Папа заклікаў глядзець на крыж менавіта ў такой перспектыве – у святле Адкуплення. Яе нялёгка зразумець, але можна сузіраць, маліцца і дзякаваць.
 

31 сакавіка 2020, 11:57
Чытаць усё >