Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (AFP or licensors)

Папа: перад абліччам пандэміі суправаджаць малітвай улады

Маліцца за ўлады і памятаць пра пакуты бедных, - заклікаў Францішак 12 сакавіка 2020 г. падчас ранішняй св. Імшы, якую трансліравалі ватыканскія СМІ.

На пачатку літургіі Святы Айцец заклікаў маліцца за хворых і прадстаўнікоў улады. “Працягнем разам маліцца ў гэты час пандэміі за хворых, за іх блізкіх, за бацькоў, якія сядзяць дома з дзецьмі. Але асаблівым чынам я хацеў бы заклікаць вас маліцца за ўлады: гэта яны павінны прымаць рашэнні і часта прыбягаць да мер, што не падабаюцца народу. Але гэта на нашу карысць. Часта прадстаўнікі ўлады адчуваюць сябе самотнымі, не зразуметымі. Будзем маліцца за нашых кіраўнікоў, якія павінны прымаць рашэнні адносна такіх мер: няхай яны адчуваюць малітоўную падтрымку народа”, - сказаў Францішак.

Каментуючы літургічнае евангельскае чытанне пра багацея і жабрака Лазара (Лк 16,19-31), Папа заклікаў не заставацца абыякавымі да трагедый людзей, асабліва дзяцей, якія пакутуюць ад голаду, уцякаюць ад войнаў і сустракаюць перад сабой толькі муры.

Пантыфік зазначыў, што прыпавесцю Езус хацеў звярнуць увагу на паўсюдную сітуацыю: ёсць людзі, якія купаюцца ў раскошы і лічаць нечым абсалютна натуральным беднасць і цярпенні іншых. Гэты факт не кранае іх сэрца, яны застаюцца раўнадушнымі. Папа называў такі стан рэчаў “глабалізацыяй абыякавасці”.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Францішак звярнуў увагу на некаторыя нязручнасці, якія жыхары Рыма адчулі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса: у крамах можна набыць не ўсе тавары, забаронена выходзіць на шпацыр. Людзі пакутуюць ад гэтага, але забываюць пра пакуты многіх бедных, мігрантаў і бежанцаў, якія ўцякаюць ад войнаў і голаду, але бачаць перад сабой муры і калючы дрот.

“Мы ведаем, што такое існуе, але гэта не даходзіць да нашых сэрцаў... Мы жывём у абыякавасці: абыякавасць – гэта такая трагедыя, калі мы добра паінфармаваныя, але не адчуваем рэальнай сітуацыі іншых. Гэта прорва: прорва раўнадушша”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што ў евангельскі апавяданні па імені называецца толькі бядняк – Лазар, багацей застаецца безыменным. Менавіта гэта вынік эгаізму: страта тоеснасці, страта імя, калі ад нас застаецца толькі прыметнік, як у выпадку багатага чалавека.

“Будзем прасіць Пана аб ласцы не паддавацца абыякавасці, прымаць інфармацыю аб людскім болі нашым сэрцам, каб гэта падштурхнула нас зрабіць што-небудзь для гэтых людзей”, - заклікаў Францішак на заканчэнне гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 сакавіка 2020, 12:43
Увесь кантэнт >