Пошук

Vatican News
Францішак падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты

Пантыфік: не ўмываць рук ад праблем іншага чалавека

18 сакавіка 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі, Святы Айцец нагадаў, што наш Бог – гэта Бог блізкі да свайго народа, Які ў цяжкія моманты патрабуе ад нас такой жа блізкасці адно да аднаго.

Францішак маліўся за медыцынскіх работнікаў, асабліва за тых, якія памерлі, дапамагаючы пацыентам, заражаным коронавірусам.

У самым пачатку гаміліі Пантыфік адзначыў, што тэмай сённяшняй Літургіі Слова з’яўляецца Закон, які Бог дае свайму народу і які Езус хоча давесці да дасканаласці. Бо Майсей кажа: “Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго?” (Дрг 4, 7).

“Пан дае свайму народу Закон з блізкасцю. Гэта не загады бяздушнага кіраўніка або дыктатара... Не! Гэта блізкасць! І мы ведаем дзякуючы аб’яўленню, што гэта блізкасць Айца, Які суправаджае свой народ”

, - падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў, што першы адказ чалавека, які мы знаходзім у пачатку Бібліі, гэта ўцёкі ад Бога: Адаму і Еве сорамна, бо яны зграшылі, а грэх прымушае нас хавацца, мы не хочам блізкасці. Другі тып чалавечага стаўлення да Божай прапановы блізкасці – гэта забойства, учыненае Каінам, і яго адказ: “Хіба я вартаўнік брату майму?”.

“Два тыпы стаўлення, якія выключаюць любую блізкасць. Чалавек адмаўляецца ад блізкасці Бога, хоча быць гаспадаром адносін, а блізкасць заўсёды цягне за сабой слабасць. “Бог блізкі” становіцца слабым. І чым бліжэй Ён становіцца, тым больш праяўляецца Яго слабасць. Калі Ён прыходзіць да нас, нараджаецца чалавекам, адным з нас: Ён становіцца слабым і нясе слабасць да самай жорсткай смерці, смерці ад забойцаў, смерці ад найвялікшых грэшнікаў. Блізкасць прыніжае Бога. Ён прыніжаецца, каб быць з намі, вандраваць з намі, дапамагаць нам”, - заўважыў Францішак.

Запіс св. Імшы з Францішкам (18.03.2020)

“Наш Бог блізкі, і просіць нас быць побач адно да аднаго, не аддаляцца ад сябе. І ў момант пандэмічнага крызісу, які мы перажываем, Ён просіць, каб мы яшчэ больш дэманстравалі гэтую блізкасць, рабілі яе больш прыкметнай. Магчыма, мы не можам фізічна наблізіцца да сябе ў страху заразіцца, але маем магчымасць абудзіць адносіны ўзаемнай блізкасці: праз малітву, дапамогу. Шмат у чым можна паказаць блізкасць. І чаму мы павінны быць блізкімі адзін з адным? Паколькі наш Бог блізкі”, - патлумачыў Святы Айцец.

Францішак пажадаў вернікам, якія сачылі за трансляцыяй Эўхарыстыі, ніколі “не ўмываць рук ад праблем іншага чалавека, як гэта зрабіў Каін”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 сакавіка 2020, 12:25
Чытаць усё >